Часопісу «Студэнцкая Думка» — 10 год

13 красавіка 1999 г. Мінінфармацыі РБ зарэгістравала незалежны моладзевы часопіс CD / «Студэнцкая Думка». Задоўга да эпохі татальнай кампутарызацыі і youtube стваральнікі адзінага ў краіне выданьня з канцэпцыяй «шэрага глянцу» штомесяца распаўсюджвалі вірус непрыкрытага індывідуалізму і здаровай правакацыі.

 

Без мабіл, узброеныя стужкавымі фотаапаратамі і касэтнымі дыктафонамі, яны лезьлі ва ўсе дзіркі моладзевага андэграўнду і адкопвалі яшчэ нікому не вядомыя фэйсы, месцы і трэнды. У пошуках скандальнага і незвычайнага яны не тармазілі перад зачыненымі дзьвярыма рэктаратаў і паталягічнай млявасьцю. Іх цікавіла ўсё, што выбівалася за межы набіўшага аскоміну «нармальнага». Фрыкі і маргіналы былі іх галоўнымі героямі. Тыя, хто, як і часопіс, не баяўся быць непадобным да іншых.

Калі не хапала існуючых словаў для вызначэньня сучасных фэномэнаў, яны прыдумлялі новыя. Няважна, што часам словатворы кшталту «цішотка» былі малазразумелымі, затое CD, па вызначэньні аднаго з крытыкаў, «пісала такой sexy беларускай мовай, што на ёй адразу хацелася пачаць размаўляць».

Яны насьлядзілі ў гісторыі так, што і цяпер, праз чатыры гады пасьля таямнічай канфіскацыі апошняга друкаванага нумару CD (беларускія «штазі» даводзілі, што мэгэзін быў надрукаваны «атручанай фарбай»), пра яго кажуць як пра жывы.

У знак павагі і дзеля аднаўленьня гістарычнай справядлівасьці, мультымэдыя часопіс «34» сабраў найбольш поўны pdf-архіў часопісу CD / «Студэнцкая Думка». Архіў будзе папаўняцца. Гартай, чытай ды настальгіруй тут: http://34mag.net/cdmagazine.

Паводле прэс-рэлізу

14:15, 14/04/2009 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0599 seconds.