J:морс прэзэнтаваў новы альбом «Аквамарин»

Уладзімір Пугач

Новы, самы доўгі па часе падрыхтоўкі і дбайнасьці, альбом гурта «J:морс» быў прэзэнтаваны сёньня ў Менску на сустрэчы з журналістамі і адмысловым канцэрце для сяброў і прыхільнікаў гурта. Да таго ж, гэта быў першы канцэрт з новым гітарыстам Паўлам Трацяком. Музыкі далі ўласнае азначэньне новай кружэлцы і распавялі, што пры працы над дыскам даводзілася і сварыцца, і таньчыць, і нават граць голымі.

Прэзэнтацыя прайшла 9 красавіка ў менскай кавярні «Вэстфалія». «Аквамарин» — пяты альбом «J:морс», але працоўны назоў кружэлкі напачатку быў «Знаки». Ужо існаваў і эскіз вокладкі. Раптоўна музыкі усё ж зьмянялі рашэньне й вырашылі пакінуць ідэю «знакаў» на пасьля.

Уладзімір Пугач
Уладзімір Пугач: «Для мяне гэта сьвежыя пачуцьці ад музыкі і ад супрацы зь людзьмі — калегамі ў гурце. Гэта пэрыяд пэўнага аднаўленьня ня толькі ў музыцы, але ў выніку ўсё вылілася ў музычны праект — «Аквамарин».

У гурце таксама прайшлі аднаўленьні. На зьмену Раману Арлову, які ў студзені нечакана сышоў з гурта займацца сольнай дзейнасьцю, прыйшоў адзін зь лепшых беларускіх гітарыстаў Павал Трацяк. Павал супрацоўнічае з «J:морс» з 2005 году ў якасьці сэсійнага гітарыста й аранжыроўшчыка, а сёньня ўпершыню граў на канцэрце ў складзе гурта. Але з Арловым, па расповедах Пугача, захаваліся сяброўскія стасункі. Тры дні таму музыкі разам езьдзілі на менскае мора «піць піва і смажыць шашлыкі».

«Аквамарин» рыхтаваўся два гады. Ранейшыя альбомы запісвалі значна хутчэй. Таму па словах музыкаў, «адчуваньне, як быццам нарадзілі».

«Пару разоў мы сварыліся ўшчэнт, але ўжо праз 15 хвілін вярталіся ў студыю і літаральна за паўгадзіны рабілі столькі, колькі да гэтага за два тыдні не маглі. Бывала мы проста зьмянялі працоўную атмасфэру — неяк дыскатэку зь сьветламузыкай зладзілі наўпрост у студыі, а аднойчы наагул зачыніліся й працавалі цалкам голыя. Сапраўдны рок-н-рол», — распавёў пра працу над дыскам Уладзімір Пугач.

У «болей канцэртны па гучаньні» альбом, як вызначыў яго Пугач, увайшло 11 песень, сярод якіх і беларускамоўная «Не здавайся», а з бонусамі на дыску 14 кампазыцый.

Уладзімір Пугач

Усе ўдзельнікі гурта па-свойму ахарактарызавалі новы альбом. «Аквамарин» «аўтабіяграфічны й найбольш шчыры» у Пугача, «рознаплянавы» у бубнача Аляксея Хайчука, «чарговы добры» у бэк-вакаліста й пэркусіяніста Ўладзіміра Пазьняка, «пераходны» у клявішніка Дзяніса Варанцова, «сьветлы» у бас-гітарыста Аляксея Зайцава й «намацваючы — усё наперадзе» у гітарыста Паўла Трацяка.

Ад сёньня «Аквамарин» у продажы ў музычных крамах, але дзьве песьні — «Серебром» і «Не здавайся» можна спампаваць на сайце «J:морс», як і дэма-мікс альбому. У Сеціва ўвесь альбом гурт не выкладае. Уладзімір Пугач адзначае, што гэта за іх і так зробяць прыхільнікі:

«Песьні ў Сеціве зьявяцца, мабыць, ужо празь некалькі гадзінаў — ад нас гэта не залежыць. Я раней ня ведаў, але ўсе нашыя альбомы ёсьць у інтэрнэце. Я ж люблю займацца музыкай, а не піярам».

Павал Трацяк і Уладзімір Пугач

Уладзімір Пугач

Канцэртная прэзэнтацыя «Аквамарину» пройдзе 25 красавіка ў к/з «Мінск». На працягу красавіка гурт выступіць у Горадні (14.04), Слоніме (21.04), Магілёве (24.04) і Гомелі (26.04). Таксама 13 красавіка ў краме «Містэрыя гуку» (ГЦ «Рыга») а 18:00 пройдзе аўтограф-сэсія «J:морс».

Яшчэ 30 здымкаў з прэзэнтацыі новага альбому J:морс «Аквамарин» у фотаблогу Generation.bY

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0615 seconds.