У Вялікабрытаніі пачалі прадаваць жвачку, якая не прыліпае да тратуараў

Нават чысьцюткія менскія тратуары ўсеяныя плямінамі ад жвачак. У Вялікабрытаніі на іх счышчэньне з тратуараў траціцца штогод 150 мільёнаў фунтаў, а ў некаторых краінах продаж жвачак наагул доўгі час быў забаронены.


Калі б жвачкі ад пачатку лёгка распадаліся, ня існавала б легендарнай алеі жуек у ЗША

Новая жвачка не прыліпае да паверхні і разлагаецца мікраарганізмамі за шэсьць тыдняў пасьля выкарыстаньня. Chicza Rainforest Gum вырабляецца ў Мэксыцы з соку каўчуковага дрэва. Каля 2000 фэрмэраў атрымліваюць з гэтага соку натуральную жвачку, зь якой потым і атрымліваецца канцавы прадукт па кошце 1,39 фунта за пакунак.

Традыцыйныя жвачкі ў Вялікабрытаніі счышчаюць з тратуараў з дапамогай адмысловых хімічных аэразоляў, машын з гарачай вадой пад высокім ціскам і ўручную з дапамогай скрабкоў — «задавальненьне» ня з танных.

У мэтах змаганьня з «навалай ХХ стагодзьдзя» — жвачкай — у 2004 годзе быў праведзены шэраг дасьледваньняў: ад вывучэньня матывацыі людзей выплёўваць жвачку пад ногі да абсталяваньня гарадоў сьметніцамі для жвачак, правядзеньня сацыяльных кампаніяў і нават адмысловых курсаў ва ўстановах адукацыі.

Насамрэч ў Вялікабрытаніі не ўпершыню спрабуюць вырашыць праблему жвачак на дарогах, спрабуючы неяк мадыфікаваць жвачкі. Так, у 2007-м годзе распрацавалі адмысловую жуйку з працоўным назовам Rev7 — якасьці жуйкі мусілі зьмяняцца так, каб вакол яе ўтвараўся слой вады ці алею, каб менш прыліпаць да асфальту.

А, да прыкладу, у Сінгапуры праблема доўгі час вырашалася зусім жорстка: продаж жвачак быў пад забаронай 12 год і стаў дазволены толькі ў 2004-м. Каб набыць у Сінгапуры жвачку, трэ паведаміць сваё імя і нумар пасьведчаньня асобы.

Паводле telegraph.co.uk

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0606 seconds.