Кліп «Ляпіса Трубяцкога» другі год запар прызнаны лепшым у Расеі

На выходных «Аганькі» перамаглі на прэстыжнай расейскай узнагародзе ў сфэры рок-музыкі «Чартова дюжина. Топ 13». Пры атрыманьні ўзнагароды Сяргей Міхалок усіх шакаваў акрабатычным шоў на перакладзіне над галовамі 18 000 гледачоў, а атрыманы букет апрануў сабе на галаву.

 

«Ляпіс Трубяцкой» ужо другі год запар трапляе ў лік пераможцаў «Чартовой дюжины». Мінулым годам гурт атрымаў прэмію за кліп «Капітал», зьняты рэжысэрам Аляксеем Церахавым. Адметна, што сёлета «Ляпісы» зноўку перамаглі ў намінацыі «Відэакліп» і зноўку з працай Церахава.

У гэтай намінацыі «Аганькі» абыйшлі Дэльфіна з ролікам «Снег» і «Мумий Тролль» з працай «О, рай!». А калі ўдзельнікі «Ляпіса Трубяцкога» Сяргей Міхалок і Павал Булатнікаў выйшлі за ўзнагародай, пачаліся сапраўдныя нечаканкі.

Справа ў тым, што сёлета арганізатары прэміі зрабілі адмысловае тэхнічнае новаўвядзеньне — пераможцы ішлі за прызамі па адмысловым доўгім мосьціку над галовамі гледачоў. Калі «Ляпісы» спусьціліся на сцэну, а мосьцік пачаў паднімацца ўверх, Міхалок падскочыў, учапіўся ў перакладзіну і пачаў выконваць акрабатычныя трукі на вачох уражанай публікі і вядучых цырымоніі.

 

Пазьней Міхалок прызнаўся, што проста не зразумеў, што мост паднімаецца ўверх — настолькі плаўным і бязгучным быў ягоны рух. Міхалок саскочыў з мосту ў самы апошні момант і, на шчасьце, нічога не пераламаў, а атрымаўшы ва ўзнагароду букет кветак, адразу ж апрануў яго на галаву. Булатнікаў жа пацягнуў цяжкую кнігу са шкла і мэталу — прыз «Чартовой дюжины».

 

А сёньня ўвечары «Ляпіс Трубяцкой» будзе зьдзіўляць менскую публіку прэзэнтацыяй новага альбому «Маніфэст» у Палацы Спорту. Даведка — 185, каса 203-27-33, дастаўка 666-56-48. Пачатак, а 19.00.

Інфармацыя паводле прэс-службы гурта, аўтар фота Марыя Мітрафанава

13:10, 09/03/2009 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0067 seconds.