Аб’яўлены конкурс стыпэндый Каледжаў міжнароднай супольнасьці

Адборачная камісія Камітэту Каледжаў міжнароднай супольнасьці праводзіць конкурс на атрыманьне стыпэндый для навучаньня з 2009/2010 н.г. у Міжнародным Адрыятычным каледжы ў Італіі (United World College of the Adriatic), Паўночным міжнародным каледжы Чырвонага крыжа ў Нарвэгіі (Red Cross Nordic United World College). Дэдлайн — 27.03.2009 г.

 

Навучаньне ў Каледжах міжнароднай супольнасьці (United World Colleges, UWC) вядзецца па сыстэме Міжнароднага бакаляўрыяту (International Bacalaureat Organization, IBO), на ангельскай мове, тэрмін навучаньня — 2 гады. Па выніках навучаньня праводзіцца іспыт на атрыманьне дыплёму, які дае магчымасьць працягнуць навучаньне ва ўнівэрсытэтах большасьці краін сьвету.

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца навучэнцы, якія будуць мець узрост 16 — 17 год на 1 верасьня 2009 г. Конкурс праводзіцца ў 2 туры. На І-ы тур удзельнікам конкурсу неабходна даслаць да 27 сакавіка 2009 г. на электронны адрас uwcblr@gmail.com наступныя дакумэнты:

  • заяву на ўдзел у конкурсе (у адвольнай форме);
  • завераную копію ведамасьці пасьпяховасьці за бягучы навучальны год з адзнакамі за чвэрці ці трымэстры (дазваляецца перадрукаваць);
  • характарыстыку ад кляснага кіраўніка;
  • аўтабіяграфію з росповедам пра грамадзкую, творчую і спартыўную дзейнасьць;
  • эсэ на тэму " Школа маёй мары» на беларускай ці ангельскай мовах.

Адабраныя кандыдаты атрымаюць запрашэньні на ІІ тур. Ён адбудзецца 25 красавіка 2009 г. у форме гутаркі на беларускай і замежнай мовах дзеля выяўленьня інтэлектуальнага ўзроўню і асабовых якасьцяў кандыдата. У ІІ-ім туры абітурыенты мусяць прадаставіць:

  • арыгіналы дакумэнтаў, дасланых у электронным выглядзе на І-ы тур,
  • копіі грамат, дыплёмаў і іншых дакумэнтаў, якія сьведчаць пра посьпехі ў навучаньні, пра грамадзкую, творчую і спартыўную дзейнасьць.

Час і адрас ІІ тура будуць пазначаныя ў запрашэньні.

Пра месцы навучаньня можна даведацца падрабязьней на сайтах: www.uwc.org, www.ibo.org, www.uwcblr.info.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.062 seconds.