«Дрыгула» па матывах «Полацкага сшытку»: у Менску прэзэнтаваны новы альбом «Старога Ольсы»

Канцэртная прэзэнтацыя альбому «Дрыгула» гурта сярэднявечнай беларускай музыкі «Стары Ольса» прайшла 14 лютага ў вялікай залі к/з «Менск». Для ўсіх гасьцей прэзэнтацыі вечар дня ўсіх закаханых выдаўся даволі незвычайным: без марных намаганьняў патрапіць у якую-небудзь менш занятую за ўсе кавярні, каб мірна пасядзець сярод сэрцайкаў, без сьлёзнага кіно і піцы, і ня толькі сам на сам са сваёй каханай паловай, але разам з самабытнай, рэдкай і чароўнай старадаўняй музыкай. А пасьля канцэрту Зьміцер Сасноўскі распавёў Generation.bY пра асаблівасьці новага альбому.

Музыкі энэргічна-лірычна прадставілі свой новы, дзевяты па ліку альбом, які зьмяшчае танцавальную музыку ад Позьняга Сярэднявечча да Раньняга Барока Вялікага княства Літоўскага (зборнік барочнай музыкі «Полацкі сшытак») і краінаў Заходняй Эўропы. Пад час першага аддзяленьня быў прэзэнтаваны новы альбом, пад час другога — усё самае вядомае і любімае.

Распачынаючы канцэрт, Зьміцер Сасноўскі павіншаваў усіх ня толькі з усім вядомым Днём Сьвятога Валянціна, але і з больш значнай падзеяй — «Роўна 1000 год таму ўпершыню ў Квэдлінбурскіх аналах узгаданая Літва», — паведаміў ён.

Увесь канцэрт выдаўся надзвычай музычным і даволі інфарматыўным: Зьміцер шмат размаўляў ад імя гурта, жартаваў і проста ствараў сваяцка-прыязную атмасфэру.

Гучала шмат падзякаў усім, хто дапамог альбому з годнасьцю дайсьці да слухача, бацькам удзельнікаў гурта, некаторыя зь якіх прысутнічалі, да і самім слухачам за спагадлівую рэакцыю на музыку. Асаблівую ж удзячнасьць Зьміцер выказаў палкоўніку 120-й Рагачоўскай мэханізаванай брыгады, у якой служыць зараз бубнач і пэркусіяніст гурта Сяргей Тапчэўскі.

Лютніст-віртуоз Ільля Кубліцкі сольна выканаў два камэрных творы на рэнэсанскай лютні.

«У нашым гурце па вызначэньні шмат якіх дасьведчаных людзей грае адзін зь лепшых лютністаў Беларусі», — прадставіў Ільлю Сасноўскі. Праўда, пад час доўгай паўзы-наладкі Зьміцеру давялося ўзгадаць стары жарт: «Лютніст жыве 80 год, зь якіх 60 наладжвае лютню». «Але дудар палову жыцьця наладжвае дуду, а другую палову — грае на разладжанай», — самакрытычна дадаў лідэр гурта. «А мульці-інструмэнталіст Алесь Чумакоў можа гадзінамі на рэпэтыцыях наладжвацца. Яму гэта не надакучвае», — шчыраваў Зьміцер.

2009 год — знакавы яшчэ адной падзеяй. А якой — стала конкурсам для залі. Чалавеку, які адгадаў, што ў восені гэтага года гурту спаўняецца 10 год, «Стары Ольса» абяцаў прэзэнтаваць 5 дыскаў, ветліва запрасіўшы падысьці за сцэну пасьля канцэрта.

«У тым баку сцэны вы бачыце гурт „Гістрыён“, які даў абет ні ў якім разе ня слухаць музыку, а заўсёды таньчыць пад яе», — патлумачыў жвавыя танцы невялічкага гуртка людзей Зьміцер.

На піку ўсім знаёмага рэпэртуару другога аддзяленьня кола людзей, якія таньчылі зьлева ад сцэны ля сьцяны, пашыралася і разрасталася па ўсёй шырыні залі. У фінале яно ператварылася ў доўгую зьмейку, якая весела агінала глядацкія шэрагі. Адзіны сьціпла-стрыманы ахоўнік нікога не перапыняў, а толькі сьцягваў свавольных дзяцей са сцэны.

А пасьля канцэрту Зьміцер Сасноўскі распавёў Generation.bY пра падрабязнасьці стварэньня рытмічнага і «жывога» альбому ад узьнікненьня ідэі і да яе рэалізацыі:

«Узьнікненьне ідэі — гэта гонар за „Полацкі сшытак“ і жаданьне яго запісаць на старадаўніх інструмантах насуперак таму, што „Полацкі сшытак“ дагэтуль запісваўся на акадэмічных інструмантах канца XVIII, XIX і XX стагодзьдзяў, хоць сам зборнік належыць да XVII стагодзьдзя. Мы імкнуліся зрабіць гэта на інструмантах XVII стагодзьдзя і ганарымся, што зрабілі гэта ці не ў першыню.»

Рыхтавалі альбом, як адзначае Зьміцер, доўга. І ў адрозьненьні ад ранейшых альбомаў музыкі ўжо паўтары гады як рэпэтуюць новую праграму і абкатваюць на розных фэстах.

«У нас у гурце ўсё вырашаецца дэмакратычна, вырашаецца большасьцю. У нас ёсьць некаторыя законы працы над аранжыроўкамі. Напрыклад, па нашых унутраных законах, калі нехта штосьці прапануе паспрабаваць сыграць, мы абавязаныя паспрабаваць, хоць спачатку зразумела, што ўсім не спадабаецца. Але калі большасьць вырашыла, незадаволены мусіць згаджацца. У гэтым альбоме ёсьць вельмі шмат таго, з чым я ня згодны, але так як калегіальна мы ўсё гуртом робім, я вымушаны гэта прымаць».

Аранжыроўкі ўсе складаў і расьпісваў па галасах Ільля Кубліцкі.

«Гэта ў якасьці аранжыроўшчыка яго сольны праект. Ён чалавек, які захапляецца камэрнай музыкай. Я — чалавек, які захапляецца ваярскай музыкай, таму часам занадта такія павольныя, томныя і сумныя аранжыроўкі мне не падабаюцца. Мне падабаюцца больш жывейшыя. Таму ўвесь характар гучаньня і аранжыроўкі — гэта спалучэньне поглядаў такіх людзей як Андрэй Апановіч, Тапчэўскі і я — з аднаго боку, зь іншага — Маша, Чумакоў і Ільля. Яны ўносілі такую высокародна камерную стыхію, а мы — раздаўбайскі ваярскую».

Самае цікавае, што ўсе надрукаваныя ноты «Полацкага сшытку»- гэта ўжо нечый погляд. Ва арыгінале ў часы раньняга барока многія партыі ці слаба расьпісваліся, ці не расьпісваліся. «Стары Ольса» вырашыў расшыфраваць ноты наноў з арыгіналаў.

«У „Полацкім сшытку“ вельмі шмат пустых нотных палос. Зьверху, напрыклад, адзін голас расьпісаны, другі не распісаны, і трэцяга няма. Складаецца з трох палосак, а напісаны толькі адзін. Гэта была стылістыка Позьняга Рэнэсансу, Раньняга Барока. Музыкі на хаду гралі імправізацыю на гэты голас. Мы вырашылі не карыстацца тым, што ўжо некім расшыфравана, а ўзяць арыгіналы. І мы арыгінальныя адсканаваныя старонкі, дзе некаторыя ноты нават слаба праглядаюцца, таму што пасьціраліся, а ноты на некаторых старонках праглядаюцца зь іншага боку, расшыфравалі і разабралі самі».

Аўтар фота Алег Белавусаў

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0713 seconds.