«Наша шоў — гэта дзіўнае бугі!» — у Rock House Cafe з сольным канцэртам выступіла «Крама»

Крама

Чарговы раз гурт «Крама» нагадаў, што «толькі рок-н-рол дапаможа нам» пад час сольнага канцэрту 11-га лютага ў менскім Rock House Cafe. Фармат — рокава-клюбны, атмасфэра — поўнага рэлаксу пад гукі якаснай музыкі.

Для чалавека, прызвычаенага да цалкам клюбнага фармату правядзеньня канцэртаў, дзе людзей болей на танцпляцы, чым за столікамі, спачатку трэба было адаптавацца да цалкам адваротнай сытуацыі: на бары ў Rock House Cafe амаль нікога не было, а ўсе госьці сядзелі са столікамі. Па меры павышэньня градусу песень адбывалася ратацыя ў залі — прыхільнікі далучаліся да танцпляцоўкі.

Крама

«Mein Vaterland aufwiedersehen!» — павітаўся гурт з публікай. «Нядаўна па тэлебачаньні прадстаўлялі чарговы шоў-праект з подпісам унізе „Некоторые песни будут исполняться на белорусском языке“. Так і на нашым канцэрце», — прадставіў рэпэртуар Ігар — «песьні будуць выконвацца па-беларуску».

Крама

Пасьля песень-зваротаў, пытаньняў, развагаў у найлепшым «крамаўскім» клясычным стылі як сказаў Ігар: «трагедыя скончылася» і пачалася вясёлая частка: «Камэндант», «Стэфка»… Слухачы прагнулі болей старых песень і ва ўзнагароду атрымалі «Гомельскі вальс».

Музыка ахінала, «як сьветлы анёл», слухачы актыўна і рэгулярна «рушылі на піва» і выпівалі з музыкамі «да дна».

Крама

Канцэрт шчыра парадаваў і растаньчыў прысутных — так, што частка людзей пасьля канцэрту не сьпяшалася дадому, а працягвала прыемны вечар у Rock House Cafe.

Крама

У размове з Generation.bY Ігар Варашкевіч быў разважлівым і задуменным: «Ёсьць шмат ідэяў: сольны альбом, яшчэ адзін праект, але няма на гэта сродкаў. На гэтым усе памкненьні заканчваюцца. Той, хто хоча нешта рабіць, ня мае магчымасьці, а той, хто не асабліва імкнецца, і грошы знаходзяцца…», — задуменна зазначыў Ігар і дадаў: «Ёсьць нейкая музыка, ёсьць нейкія канцэрты, так і жыву. Так і „Крама“ жыве».

Яшчэ 20 здымкаў з канцэрту ў фотаблогу Generation.bY

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2494 seconds.