Канцэрт «Салідарныя зь Беларусьсю»: ШОС і нянавісьць у Варшаве

Варшава жыла сваім звычайным жыцьцём: цінэйджэры ішлі на прэм’еру «Шалёнай жонкі» Азону ў мультыплекс, пасажыры цягнікоў сьпяшаліся на вакзал, па-нядзельнаму сьвяточна апранутыя пані набывалі цюльпаны. А невялікія купкі ідэйных беларусаў разам са спачуваючымі, прымацаваўшы да грудзей бел-чырвона-белыя сьцяжкі, беглі да сцэны, схаванай у цэнтры Варшавы паміж мультыплексам, вакзалам і прадаўцом цюльпанаў. Так пачынаўся канцэрт «Салідарныя зь Беларусьсю», што ўжо пяты раз праводзіўся ў сталіцы Польшчы.

Галоўнымі героямі для беларусаў мусілі стаць некалькі гуртоў, што адмыслова прыехалі дзеля выступу зь Менску. Былі сярод іх як стара-наноў забароненыя («Крама», якая аказалася хэдлайнэрам), так і даволі дазволеныя музыкі (як заўжды палітычна востры «Вінсэнт» ці мілы і бяскрыўдны «Рэха»). Не даехалі да канцэрту IQ48 (нага вакаліста Ракаўца падвяла). Хадзілі чуткі пра перамовы з самым цяпер пратэстным беларускім гуртом «Ляпіс Трубяцкой», выступ якога прызначаны 30-га сакавіка ў адным з буйнейшых клюбаў Варшавы. Але арганізатары назвалі тыя чуткі інсынуацыямі.

Імёны іншых выканаўцаў мала што скажуць большасьці беларусаў: Аkurat, Maleo Reggea Rockers, Janusz Staszewski — хаця польскія выканаўцы і былі ня менш шчырымі за сваіх беларускіх калег у нянавісьці да дыктатуры і жаданьні свабоды для адной асобнай ўзятай нацыі.

Арганізацыяй канцэрту пяты год займаецца фундацыя «Вольная Беларусь», якая складаецца зь некалькі дзесяткаў палякаў і беларусаў, што спрабуюць зьмяніць нешта ў нашай краіне, карыстаючыся даступнымі ў Варшаве інструмэнтамі. У мінулым годзе «Салідарныя зь Беларусьсю» ня здолеў адбыцца з-за катастрофы, у якой загінуў прэзыдэнт Польшчы Качыньскі. Жалоба па Польшчы перасіліла тады сум за Беларусь.

Гэтым разам акцыя выйшла досыць маштабная і захапіла цэлых 10 гарадоў Польшчы і тры па-за яе межамі — ад Нью-Ёрку да Вільні (яшчэ адзін канцэрт, мабыць, афтэпаці, адбудзецца па ўласнай ініцыятыве школьнікаў з Шчэчыну ў красавіку).

«Лёзунгам канцэрту стаў слёган „пачуй нас!“ — самае галоўнае для беларускай справы ёсьць тое, каб грамадзяне Эўропы заўжды памяталі аб Беларусі і разам спрабавалі павярнуць гэты край у эўрапейскую сям’ю», — кажуць арганізатары.

«У мінулым годзе мы селі і падумалі, што зараз можна зрабіць, чым найлепш мы можам ударыць уладу, чаго найбольш баіцца рэжым. Мы падумалі, што найперш трэба біць па дыктатуры сьмехам», — кажа адзін з арганізатараў канцэрту.

У выніку антыдыктацкага крэатыву з ухілам у сьмех на сцэне ў пэўны момант зьявіўся «чалавек, вельмі падобны да першага беларускага прэзыдэнта». Ён распавёў пра тое, што ў Беларусі «Усе людзі зачыненыя, каб не здарылася зь імі нічога дрэннага» і як агулам у нас «усё ОК і гуд». Пасьля з «прэзыдэнтам» адбыўся «скандал» — ён згубіў вопратку — і два характэрныя «ахоўнікі» вывелі «апошняга дыктатара» прэч. ШОС, як кажуць, у дзеяньні.

Час паміж выступамі беларускіх музыкаў, якіх арганізатары называюць не інакш як «зоркамі антылукашэнкаўскай музычнай партызанкі», запаўняўся мітынговага варыянту прамовамі і звыклымі «Жыве Беларусь!». Нешматлікія выпадковыя беларусы, што траплялі на канцэрт стаялі ўзьнёслыя, але крыху зьбянтэжаныя. Усьмешлівая бляндынка зь Менску так і разважала:

«Дзіўна крычаць „Жыве Беларусь!“, і не баяцца, што зараз атрымаеш палкай па галаве».

І сапраўды, баяцца ў Варшаве не было чаго. Заставалася толькі ненавідзець.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0604 seconds.