BarCamp Baltics 2009

 

У Рызе другі год запар прайшла «неканфэрэнцыя» BarCamp Baltics 2009. Мерапрыемствы ў фармаце BarCamp праходзяць рэгулярна па ўсім сьвеце, а на тэрыторыі Ўсходняй Эўропы атрымалі пэўны знакавы статус. За тры дні баркэмп у Рызе наведалі больш за паўтысячы чалавек і адбыліся паўсотні прэзэнтацыяў.


Расклад прэзэнтацыяў

Першы дзень меў азнаямляльны характар — ішла рэгістрацыя ўдзельнікаў, help-team сустракаў шматлікіх замежных гасьцей, а ўвечары, па традыцыі, прайшла першая party. Зрэшты, вечаровыя нефармальная сустрэчы праходзілі і ў наступныя дні. І гэта адна з асноўных «фішак» баркэмпаў:)


Ёха, адна з арганізатарак BarCamp Baltics 2009, вельмі радая ўсіх бачыць у Рызе :) 

Суботні дзень пачаўся з афіцыйнага адкрыцьця, дзе, як заўсёды, весела і вольна распавядалі пра праграму «неканфэрэнцыі», знаёмілі са спонсарамі, дзякавалі ўсім, хто дапамагаў, і шмат жартавалі. Так пачаўся вар’яцкі нон-стоп з прэзэнтацыяў-знаёмстваў-размоваў.


Help-team працуе-працуе-працуе 

У шасьці аўдыторыях адначасова праходзілі выступы на розныя тэмы — распрацоўка сайтаў, сацыяльныя сэрвісы, грамадзянская журналістыка. Трэба адзначыць, што ў параўнаньні зь мінулымі баркэмпамі, выступаў стала менш, заставаліся вольныя слоты ў раскладзе, затое і якасьць прэзэнтацыяў стала вышэй, а ў аўдыторыях амаль ніколі ня было вольных месцаў. Праўда, і ўсачыць за ўсімі выступамі было немагчыма.


Канчатковая вэрсія раскладу :)

Як падалося, стала менш камэрцыйных прэзэнтацыяў з мэтай раскруціць і прадаць што-небудзь. Для гэтага быў аддадзены апошні дзень канфэрэнцыі. Праўда, гэта ня значыць, што такія тэмы не закраналіся зусім у першы дзень. Так вядомы расейскі блогер Самсон Шаладэмі распавядаў пра экспансію Nokia ў блогасфэры, да якой ён сам прычыніўся і не за «проста так».


Самсон Шаладэмі пра экспансію Nokia у блогасфэры

А Мікіта Халявін паказаў, як зарабіць 2 мільёны даляраў у якасьці інвэстыцыяў у свой праект. Зрэшты, гэты выступ выклікаў шмат пытаньняў і абмеркаваньняў. Ня дзіўна — праект Халявіна professionali.ru доўгі час зьяўляўся поўным клёнам вядомага сайту linkedin.com, пакуль апошнія не прыгразілі судовай позвай і вялікімі праблемамі. Праўда, сам Халявін нават не адмаўляўся ад таго, што ідэя і ўвесь зьнешні выгляд быў нахабна скрадзены ў больш старэйшага аналягу.

Тэхнічную праблематыку закрануў адзін з арганізатараў баркэмпу Максім Бяроза, які вельмі даступна і проста распавёў пра сэрвэрную аптымізацыю вялікіх інтэрнэт-сайтаў на прыкладзе ягонага праекту mafiozi.lv.


Максім Бяроза распавядае пра складанасьці сэрвэрнай аптымізацыі вялікіх інтэрнэт-сайтаў 

Таксама да тэхнічнай тэматыкі можна аднесьці выступ прадстаўнікоў аднаго са спонсараў Opera Software, якія распавядалі пра web-стандарты. І хоць я зьяўляюся вялікім прыхільнікам Opera і актыўна выступаю за падтрымку і выкананьне web-стандартаў, выступ Charles McCathie Nevile і Ільлі Шпанькова ня ўразіў: ці то ад таго, што я ўжо ўсё гэта чуў і ведаю, ці то ад павольнасьці выкладаньня інфармацыі.


Opera Software распавядае пра web-стантарты

Дарэчы, шмат хто жаліцца, што нічога новага не даведваецца на падобных «неканфэрэнцыях». Я калі еду на баркэмп, то ўжо не чакаю пачуць штосьці неверагодна новае і карыснае. Але магчымасьць пазнаёміцца з чужым пунктам гледжаньня дае ежу для розуму і нараджае новыя ідэі.

Некалькі выступаў былі прысьвечаныя аднаму з асноўных інтэрнэт-трэндаў апошняга часу twitter. Ды і сам twitter моцна пранік на сёлетні BarCamp Baltics. Была створана адмысловая старонка, дзе зьбіраліся ўсе twitter-паведамленьні ўдзельнікаў баркэмпу. А ў холе быў выстаўлены вялікі дысплэй, на якім адлюстроўвалася агульная інфармацыйная стужка, якая карысталася попытам і дапамагала вырашаць дробныя лякальныя пытаньні — выступала ў якасьці навігацыі па прэзэнтацыях, зьбірала блогкэмпераў у курылку і паведамляла колькі квіткоў заставалася на after-party.

Яшчэ адной тэмай баркэмпу стаў турызм. Уладзімір Краснагаловы з Запарожжа распавёў пра праект sharetravel.com.ua.


Уладзімір Краснагаловы і праект sharetravel.com.ua

Гэта ня першы й не самы папулярны сацыялізаваны турыстычны праект, даволі просты агульны блог, далучыцца і пісаць у якім можа кожны жадаючы. Але пры гэтым ён мае сваю актыўную аўдыторыю, якая піша ўнікальныя і якасныя матэрыялы, сустракаецца і актыўна езьдзіць у вандроўкі разам. Такі вось цікавы сяброўскі праект… як Generation.by:)

У параўнаньні зь мінулым годам, у Рызе павялічылася колькасьць замежных гасьцей і, як наступства гэтага, выступаў на ангельскай мове.


Брытанскі праект mysociety.org

Напэўна, самым яскравым і запамінальным стаў выступ прадстаўніка брытанскага праекту mysociety.org, мэта якога зрабіць працу ўраду Вялікай Брытаніі празрыстай і даступнай для грамадзтва, стварыць магчымасьць зваротнай сувязі паміж выбаршчыкамі і абранымі прадстаўнікамі і даць магчымасьць грамадзянам выказваць сваю думку на розныя законы і ўплываць на дзеяньне ўраду. Думаю, такая сыстэма павінна быць у любой краіне, але, на жаль, ня ў кожнай краіне яна будзе дзейнічаць праз адсутнасьць дэмакратычных традыцыяў.

На засталіся па-за ўвагай і беларусы. Per aspera ad astra — менавіта так называлася прэзэнтацыя арганізатараў беларускага баркэмпа ByCamp 2008, які адбыўся пару месяцаў таму ў Менску.


Ігар Кандыба распавядае пра першы беларускі баркэмп

Ігар Кандыба і Натальля Ісаевіч падзяліліся сваім досьведам і праблемамі арганізацыі баркэмпа «з нуля». А прадстаўнік кампаніі Google беларус Ігар Маханёк прэзэнтаваў магчымасьці мабільнай плятформы Google Android. І, напэўна, ўпершыню на тэрыторыі былога СНД, публіка змагла сваімі ўласнымі рукамі памацаць першы тэлефон, які выкарыстоўвае Android — T-Mobile G1. Тэставы тэлефон хутка бегаў па рукох і яшчэ доўга аўдыторыя не хацела адпускаць Ігара.

На гэтай пазытыўнай ноце скончылася працоўная частка суботы і ўсе перамясьціліся ў клюб Piens, назва якога перакладаецца з латыскай мовы як «малако». Мацёрыя баркэмперы жартавалі, маўляў, у Кіеве два гады запар after-party праходзіла ў клюбе «Хлеб», а цяпер ў Рызе ўсе ідуць у «Малако». Клюб не падвёў, паўтары сотні чалавек весялілася і знаёмілася паміж сабой. Так, палякі ўжо запрашаюць на EastCamp, які мусіць у хуткім часе прайсьці ў Беластоку, а казахі клічуць у Алматы:)

У нядзелю прайшло некалькі прэзэнтацыяў ад «гуру» — зноў выступалі прадстаўнікі Google і Opera, але, перш за ўсё, дзень запомніўся новай часткай праграмы BarCamp Idol.


BarCamp Idol у дзеяньні

Яе сэнс заключаецца ў магчымасьці кожнага чалавека прадставіць ідэю інтэрнэт-праекту з мэтай атрыманьня інвэстыцыяў у яго. На працягу чатырох гадзінаў суровае журы разам з гледачамі ў аўдыторыі і ў інтэрнэце, дзе ішла трансьляцыя, праглядзела прэзэнтацыі 19 праектаў. Былі як жартлівыя трох-хвілінныя выступы, так і інавацыйныя праекты з прадуманымі бізнэс-мадэлямі. На афіцыйным закрыцьці BarCamp Baltics 2009 былі абвешчаныя вынікі BarCamp Idol і раздадзеныя прыгожыя статуэткі пераможцам, якіх цяпер чакае доўгі, але цікавы працэс рэалізацыі сваіх ідэяў.


Узнагароджаньне пераможцаў BarCamp Idol

Увечары праходзіла апошняя barcamp-party, а некаторыя ўдзельнікі адпраўляліся ўжо дадому з надзеяй у хуткім часе ўбачыць старых сяброў і пазнаёміцца з новымі на чарговай «неканфэрэнцыі» дзе-небудзь яшчэ. А з Рыгай мы спаткаемся праз год!


«Время распрощаться…»

ПРА АЎТАРА

 

Slaver / Вячаслаў Радзівонаў

Жыве ў Менску, працуе ў сфэры сайтабудаўніцтва. Вядзе некалькі блогаў: пра інтэрнэт, вэб-распрацоўкі і асабістыя цікаўнасьці як спорт ці палітыка на Slaver.info, пра музыку – Ultra-Music, а таксама блог у LiveJournal. Актыўны ўдзельнік канфэрэнцыяў фармату Barcamp.

Slaver 14:00, 10/02/2009 | Рэпартажы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0611 seconds.