Зьміцер Вайцюшкевіч: «У наш час і ў маім узросьце варта ўвесь час адчуваць новыя патрэбы і не баяцца ніякіх зьменаў»

Зьміцер Вайцюшкевіч

7 студзеня ў Малой залі к/з «Менск» адбыўся калядны канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча. Канцэрт — традыцыйна добры, традыцыйна лепшы, традыцыйна ў цёплай хатняй атмасфэры. Заля была цалкам запоўненая і жанчынамі ў гадах і маладымі дзеўчынамі, парамі і дзецьмі. Кожная песьня, шмат зь якіх новыя і пакуль нявыдадзеныя, — асобны сьвет і асобная гісторыя. Зьміцер паўстаў напачатку ў вобразе бога зімы Зюзі, а пазьней пераапрануўся ва ўкраінскую вышыванку. Падрабязнасьці, фота з канцэрту і размова са Зьмітром пра творчыя задумкі — у артыкуле.

«Дзеці, для вас сьпяваў Зюзя»

Першая частка канцэрту была прызначана дзецям. Такая своеасаблівая калядная казка зь песьнямі-калыханкамі пра анёлкаў. Зьміцер паўстаў у вобразе Зюзі — бога зімы — з расфарбаванымі вачыма і чырвоным носам. А перад сцэнай і ў залі — таньчылі зямныя малыя анёлкі, а іх мамы — з замілаваньнем сьпявалі. Мужчыны ж відавочна саромеліся асаблівай рамантычнай тэматыкі Вайцюшкевіча.

Зьміцер Вайцюшкевіч

Зьміцер са свайго боку заахвочваў слухачоў сьпяваць з самай першай ноты, спачувальна зазначыўшы: «Цяжка сьпяваць з першай песьні, але ж вы ведаеце, я не адчаплюся». І заля паслухмяна паўтарала «Зюзя. Мы шануем Зюзю».

Зіма, сьнег, мароз, калядныя зоры і сьвятая дабрыня — матывы, якія пераклікаліся, зьмяняліся, перарасталі адзін у адзін у песьнях першай дзеі. «Калі вельмі холадна на вуліцы, хочацца запрасіць каго-небудзь на гарбату. Сьнежань, зіма за шыбай, „ноч вялікай чорнай рыбай праплывае за вакном“ — песьня пра тое, як гаспадар запрасіў анёлка на гарбату». А неўзабаве, пасьля выкананьня Зьміцер «адчуў сябе Джымам Морысанам».

Затым «калядныя анёлкі сабраліся пад елкай і вадзілі карагоды з радаснай нагоды».

Падсумаваўшы добры дзесятак песень і абагульніўшы начную анёлкавую тэму, Зьміцер зазначыў:

«У нас вельмі шмат калыханак, і дзякуй Богу».

«Закалыханая нацыя», — пачулася з глядацкага шэрагу побач.

Як гасьцінны гаспадар і ўдзячны творца, Зьміцер запрашаў на сцэну прысутных на канцэрце паэтаў. Першым выйшаў паэт Арцём Кавалеўскі — аўтар ўсяго гэтага жартаўлівага і прыгожага калыханкавага багацьця — які згадаў эвангельскае выслоўе і заклікаў усіх «быць, як дзеці».

Далей Зьміцер прэзэнтаваў песьню на верш Генадзя Бураўкіна, «ад якой захочацца есьці». «Я ўжо хачу» — расшчырыўся выканаўца і зацягнуў: «Чэрава, чэрава, чым ты павячэрала?» Кампазыцыя «Вячэра» пра простыя беларускія прадукты — буракі, моркву, рэпу і такую глыбокадумную выснову: «І ад страшнага суда збавіць нас з табою толькі родная яда з роднаю вадою».

Зьміцер Вайцюшкевіч

Па ходу канцэрта нацыянальная тэматыка разьвілася ў творах пра беларускага бусла, жанчыну-гандлярку родам з Давыд-Гарадку. Паэт Леанід Дранько-Майсюк прачытаў са сцэны верш «Роднае» пра давыд-гарадоцкі мёд, які так любіла каралева Бона, што памірала са збаночкам такога мёду на грудзях.

Героямі вечару сталі маленькія дзеткі, якія сьпявалі і таньчылі зь месцаў і са сцэны. «Мы пад фанаграму не сьпяваем, як беларускія папсачы», — падтрымліваў іх Зьміцер, а пасьля дзякаваў, паліваючы залю са сцэны цукеркавым дажджом.

Надзвычай трапяткой кропкай у першай «дзіцячай» дзеі сталі кранальныя словы «дарослай» песьні «Залюляю, як кахаю», якая прагучала адпаведна летуценьням выканаўцы ў розных варыяцыях — лірычнай і па-вайсковаму рытмічнай, бо «ёсьць мара, каб брыгада менскага АМАПу сьпявала гэта па вяртаньні пасьля службы ў родныя вёскі».

Зьміцер Вайцюшкевіч

У падтрымку Ўкраіны

У другой частцы Зьміцер выйшаў ва ўкраінскай нацыянальнай кашулі, дзякуючы Газпрому, які вырашыў праблему канцэртнага касьцюма. «Зараз мерзьне любімае Прыднястроўе», — спачуваючы суседзям зазначыў Зьміцер і выканаў «нібыта ўкраінскую, але ўсе ж такі нашую палескую песьню «Зялёны дубочак».

Далей прагучалі добра знаёмыя і любімыя «Песьня пра дождж», «А з вуснаў зьлятае…», «песьня пра вушы, якія ня чуюць, вочы, якія ня бачаць, а сэрца грукоча». Карацей, усе «пра каханьне, ад якога няма лекаў».

Пасьля «Чувіхі», «Месяц — жоўтая лодка» такі нечакана раптоўны канец болей, чым дзьвюхгадзіннага канцэрта, як звычайна, абвесьціла «Бывайце здаровы».

«У наш час і ў маім узросьце варта ўвесь час зьмяняцца і адчуваць новыя патрэбы і не баяцца ніякіх зьменаў»

Зьміцер Вайцюшкевіч

Але мы з музыкам не разьвіталіся. Пасьля канцэрту Зьміцер распавёў Generation.bY пра праекты, над якімі зараз працуе і якія плянуе, і наагул пра свой сучасны творчы стан:

«Я зараз у творчым пад’ёме, хоць маю творчасьць і называюць „песьні для пані трошку ў гадох“, вы сёньня бачылі, колькі дзяцей. Гэта самы галоўны крытэр».

Да таго ж зараз Вайцюшкевіч працуе над трыма міжнароднымі праектамі: два польскіх, зь якіх адзін фолькавы на вершы польскага паэта Рафала Ваячкі, а таксама швэдзкі альбом.

«Акрамя гэтага працую над Сысам. І сеньняшнія «анёлкі» і песьні для дзяцей і для дарослых на вершы беларускіх паэтаў. Будуць выдадзеныя некалькі дыскаў у розныя часы на працягу некалькіх год. Магчыма, некаторыя зь іх будуць сьпяваць іншыя артысты альбо дзеці. Таму што я дакладна ведаю, што шматграннасьць мая шмат каго раздражняе. «Чувак, ты апрэдзелісь, ты хто?» Так вось я хачу сказаць тым, хто так лічыць, што ў наш час і ў маім узросьце варта ўвесь час зьмяняцца і адчуваць новыя патрэбы і не баяцца ніякіх зьменаў. Ёсьць музыка. Гэта самы прыгожы момант».

Паказваючы на залю, якая павольна і неахвотна апусьцела, Зьміцер дадаў:

«Паглядзі — пустыя крэслы. Іх ня так шмат тут. Калі ўсе гэтыя крэслы запоўненыя, яны маюць магічны сэнс. Людзі прыходзяць за адказамі на пэўныя пытаньні, а не за музычнымі стылямі і гэтак далей. Я спадзяюся».

У фотаблогу Generation.bY яшчэ 25 здымкаў з каляднага канцэрту Зьмітра Вайцюшкевіча

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0555 seconds.