85% інтэрнэт-музыкі ніхто ня хоча купляць

Больш 10-ці з 13-ці мільёнаў музычных трэкаў, якія прадаюцца ў інтэрнэт-крамах, нікога не зацікавілі ў 2008 годзе. На рынку лічбавых сінглаў 80% абароту далі ўсяго 52 тысячы песень. З 1,23 млн даступных для запампоўкі альбомаў запатрабаванымі апынуліся толькі 173 тысячы. Такім чынам 85% выкладзенай на продаж у Інтэрнэт музыкі нікому не патрэбныя.

Дасьледаваньне было праведзенае Will Page, галоўным эканамістам некамэрцыйнай арганізацыі MCPS-PRS Alliance. Маркетоляг лічыць, што вера ў значную зьмену будучыню музычнага рынка перабольшаная, піша Telegraph.co.uk

У нашумелай кнізе «Доўгі хвост» (The Long Tail) амэрыканскі эканаміст Chris Anderson прадказваў, што рынак неўзабаве перастане залежыць ад параўнальна невялікай колькасьці гітоў. Кожны чалавек стане слухаць музыку ў адпаведнасьці з сваім густам, а ня тое, што круцяць па радыё і ТБ.

Альбомы малавядомых выканаўцаў будуць разыходзіцца невялікімі накладамі, але іх будзе так шмат, што яны змогуць забясьпечыць прымальны аб'ём продажу. Менавіта гэту зьяву Chris Anderson і назваў «доўгім хвастом», раскрытыкаваўшы вядомы эканамічны прынцып «20/80»: 20% асартымэнту даюць 80% выручкі.

Новае дасьледаваньне даказвае адваротнае. Хвост сапраўды апынуўся доўгім, але пры гэтым абсалютна нулявым па грашох. Выдаўцам прыйдзецца альбо адмовіцца ад такога хваста, альбо прыдумаць, якім чынам на ім усё ж такі зарабіць.

vojur 13:54, 23/12/2008 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.005 seconds.