25 сьнежня традыцыйны зімовы канцэрт «Тройцы»
Этна-трыо «Тройца» запрашае на сьвяткаваньне Раства ў к/з «Менск» у старабеларускіх традыцыях.
Фота з выступу «Тройцы» на Басовішчы-2008. Аўтар фота: Юра Сідун.
Творчасьць гурта, створаная з народных напеваў, клапатліва сабраных лідэрам калектыву Іванам Кірчуком на кілямэтрах стужкі, з упляценьнем гуку званочка, шоргату афрыканскага чароту, закліку жалейкі, нагадвае аб тым пакрытым пылам і амаль забытым мінулым, зь лясунамі, русалкамі і дамавікамі, урыўкі якога яшчэ засталіся ў кожным з нас.
Канцэрт стане неспадзеўкай для тых, хто ўжо знаёмы з творчасьцю гурта, паколькі музыкі выканаюць у ліку іншых і кампазыцыі з новага альбому, які якраз зараз рыхтуецца, а таксама стане адкрыцьцём для тых, хто толькі выявіў у сабе цягу да аўтэнтычнага мастацтва.
- Даведка і замова квіткоў: 294 22–22, 80296782399
- Адрас: вул. Кастрычніцкая, 5