Максім Багдановіч ператварыўся ў басаногую бляндынку

 

Адбылося гэта ў межах містэрыі «Дзень Максіма Багдановіча», прэм’ера якой прайшла ў менскай філярмоніі. У праекце, прымеркаваным да юбілею клясыка, узялі ўдзел Сьвятлана Зелянкоўская, гурт «N.R.M.», Міхаіл Зуй, а таксама «Ліцьвінскі хмель» ды іншыя таленавітыя асобы.

Максім і Зелянкоўская

Ларыса Сімаковіч, аўтар наватарскага для беларускай афіцыйнай сцэны праекта, зрабіла ўсё, каб цалкам апраўдаць вызначэньне «містэрыя». У дзеі ўзвышана-патэтычныя часткі перакрыжоўваюцца з парадыйнымі сцэнкамі, рэп ад дзяўчынак, якія насамрэч граюць хлапцоў, спалучаецца зь яркімі фолькавымі кампазыцыямі ансамбля «Госьціца» і невыразным, але драйвовым рокам ад каманды «In search for».

Містэрыя складаецца зь дзевяці частак, пралёгу і эпілёгу. І чым глыбей разгортваюцца падзеі на сцэне, тым больш мюзыкл нагадвае алягічны сон. Адзіным стрыжнем, на які нанізваліся ў гэты вечар усе песьні і вобразы, стаўся Максім Багдановіч і яго паэзія.

Мора пазытыву, што вылецела разам з канфэці ад дзяўчынак-акторак, цалкам забітая заля ўспрыняла стрымана. Дзяўчынкі гэтага не заўважалі, працягваючы бегаць па сцэне і крычаць «Максім!», «Максім!».

І Максім паўстаў. Адразу я канешне яго не пазнаў: далікатныя вусы зьніклі, замест строгай стрыжкі на галаве меліся шыкоўныя залатыя валасы. Больш таго, Максім Багдановіч стаў жанчынай, прычым даволі сэксуальнай. У засяроджаных рысах паэта прыгадвалася чароўная акторка Купалаўскага тэатру Сьвятлана Зелянкоўская.

Максім і беларусы

Максім быў у запале. Ён чытаў вершы, рабіў прамовы, заклікаў да адраджэньня беларушчыны і гнабіў русыфікатараў.

 

Беларусы!
…ніякага адказу (аўт.)
беларусы!
…хрыплы кашаль ў залі (аўт.)

Як бачна, дыялёг з заляй гэтым разам у Максіма не атрымаўся. Але маналёгі былі сапраўды моцнымі, драматычнымі, яскравымі. Сьвятлана Зелянкоўская ажывіла паэзію, напоўніла яе пачуцьцем і сэнсам, вельмі злабадзённым і жорсткім.

Максім і Моцарт

Пэрыядычна на сцэне зьяўляўся фальклёр-тэатар «Госьціца», удзельнікі ансамбля салістаў «Клясык -Авангард», рокеры з гурта «In search for».

 

Найбольш якасная музычная складаючая была ў «Госьціцы», якая здолела цалкам выкарыстаць патэнцыял акустыкі філярмоніі. А вось электрычная музыка гучала тут не натуральна: куды прыемней, напэўна, слухаць кампазыцыі маладога сьпевака Яна Жанчака на вершы Багдановіча ў звыклай атмасфэры клюба.

Нечаканасьці пачаліся недзе ў сярэдзіне містэрыі: на сцэне зьявіўся спачатку Антоніё Сальеры, а за ім і сам Вольфганг Амадэй Моцарт. Я, седзячы далёка на прыступках, ужо мала разумеў сэнс, але было сьмешна.

 

Пад канец Ларыса Сімаковіч вырашыла пацешыць сябе і публіку, і выпусьціла на сцэну рэжысэра Нікалая Пінігіна. Яго ролю граў актор Купалаўскага Міхаіл Зуй. Інтэрвію з рэжысэрам, якое нібыта той даваў на сцэне, межавала са зьдзекам і, падаецца, правакавала скандал. Хаця, па агульнаму настрою, яно блізкае да сапраўднага інтэрвію Пінігіна, што літаральна некалькі тыдняў таму паказаў тэлеканал «ЛАД».

Кульмінацыя містэрыі наступіла разам са з зьяўленьнем на сцэне гурта «N.R.M.». Ужо пазбаўлены ад свайго нядаўна «эмаўскага» іміджу, Лявон Вольскі заняў месца ў правым баку сцэны, там, дзе раней пэрыядычна тусаваліся «In search for», і зайграў свой стары гіт «Лёгкія-лёгкія». На хвіліну зьявілася сумненьне: а ці не Багдановіч — сапраўдны аўтар песьні?

NRM 

Некаторыя гледачы паўскоквалі з крэслаў і пачалі танчыць. Фанаткі сталі падпяваць і выдаваць задаволеныя «ахх…». Сыграўшы яшчэ адзін гіт, каманда разьвіталася.

Спроба візуалізацыі паэзіі Багдановіча атрымалася. Ці атрымаецца захапіць душу беларусаў новым бачаньнем знаёмай творчасьці, пакажа час.

Сьвятлана Зелянкоўская 

Глядзіце ў фотаблогу Generation.by яшчэ 19 здымкаў зь містэрыі «Дзень Максіма Багдановіча»

Аўтар фота Юра Сідун

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0604 seconds.