Bandscan:Belarus: вызначаныя ўдзельнікі фіналу музычнага конкурсу

Міжнародны беларуска-швэдзкі музычны праект Bandscan:Belarus падыходзіць да свайго завяршэньня. У Менску, Віцебску і Баранавічах ужо прайшлі паўфіналы, і наперадзе толькі фінальная разьвязка. З 36-ці гуртоў у пачатку праекта ў фінал трапілі 6 лепшых, абраных паводле глядацкага галасаваньня: «Серебряная свадьба», The toobes, «Воронин Бэнд», RU.ST, Jenowa і Minas Morgul.

Асаблівасьці конкурсу, нечаканая адмова ад удзелу ў фінале «Серебряной свадьбы» — падрабязнасьці правядзеньня 7 сьнежня менскага паўфіналу чытайце ў рэпартажы.

7 сьнежня ў менскім клюбе Fabrique адбыўся паўфінал музычнага конкурсу, у якім узялі ўдзел беларускія гурты The Toobes, «Детидетей», Bez.Not, Open Space, Hair Peace Salon, фрык кабарэ бэнд «Серебряная свадьба». У якасьці госьця выступіў швэдзкі гурт I love you baby.

Арганізацыя канцэрту

Пра нечаканую папулярнасьць конкурсу сярод менскай публікі сьведчыць заўчасная адсутнасьць квіточкаў у папярэднім продажы, а таксама вялізныя чэргі пад час правядзеньня чвэрцьфінальных і паўфінальнага канцэртаў. Чэргі ўтвараліся ў тры этапы, пакуль трапіш у залю, да таго ж вялікая рознаполавая чарга ўзьнікла перад мужчынскай прыбіральняй — жаночая была зачыненая.

Дарэчы, на гэты раз арганізатары загадзя паклапаціліся, каб забараніць паліць на танцпляцы. Пэўна, пасьля таго, як у мінулы раз амаль не засталося сьвежага паветра ад цыгарэтаў.

Сцэна ў клюбе вельмі невысокая, таму гледачам у шэрагах пасьля трэцяга выканаўцаў амаль не было відаць. Але, канешне, усе гэтыя хібы кампэнсаваліся творчасьцю яркіх музыкаў.

Гледачы/слухачы і замежныя госьці

Асноўная аўдыторыя конкурсу — фэны гуртоў. Аднак сярод гасьцей быў заўважаны і амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан, які прыйшоў на канцэрт разам са сваёй дачкой. А мы прывялі яшчэ й гасьцей з Нарвэгіі. Таксама ўсьцешыў выхад на сцэну Клаеса Нордлінга — мэнэджэра праекту са Швэцыі, які адкрыў паўфінальны канцэрт.

Канкурсанты

Першымі на сцэну хлынулі «морам пазытыву» радасныя, летнія і вясёлыя магілёўскія Bez. Not. Прыхільнікі таньчылі і сьпявалі разам з гуртом песьні літаральна слова ў слова. Фразай са сваёй песьні «Вернись ко мне, любовь моя, і засьпяваю я па-беларуску» хлопцы нібыта адказалі на пытаньне замежных гасьцей пра беларускамоўнасьць выступоўцаў. Беларускамоўнага гурта ня было ніводнага.

Затое агламоўныя гурты Open Space, Hair Peace Salon і The toobes ішлі адзін за адным. Загадзя падрыхтаваныя хлопцы з The toobes раздавалі праз арганізатараў на ўваходзе свае маленькія прома-дыскі. Яны, пэўна, і прывабілі найбольшую колькасьць слухачоў для сваёй падтрымкі: пад спалучэньне старога рок-н-ролу і сучаснага агрэсіўнага року людзі таньчылі вельмі заўзята.


Фота з выступу The toobes на менскім паўфінале Bandscan:Belarus 16 лістапада.
Аўтар Юра Сідун

Тых, хто цікавіцца творчасьцю фрык кабарэ бэнда «Серебряная свадьба», маленькі пэрфоманс іх выступу ня быў сюрпрызам. Удзельнікі гурта не выконвалі шмат гітоў, дадаўшы шмат новых для неабазнанай публікі кампазыцыяў.

Ганна Хітрык з «Детидетей» выказала пратэст падзяленьню песень па прынцыпе адпаведнасьці месцу выкананьня: са сцэны прагучала песьня «няклюбнага фармату» «Я Небо», што вельмі парадавала сталых прыхільнікаў гурта. Былі і лірычныя песьні, і натхняльны і сьветлы «Трамвай».

Швэды з I love you baby уразілі эмацыйнай драйвавай праграмай — гледачы адрываліся так, што было незразумела, ці маюць яны столькі прыхільнікаў у Беларусі, ці публіка была настолькі ўзрушаная пасьля папярэдніх выступаў.

Паўфінал завершаны і ўжо вядомыя ўдзельнікі фінальнай часткі конкурсу. Такім чынам, у фінальнае змаганьне за галоўны прыз — паездку ў Швэцыю — выйшлі «Серебряная свадьба» і The toobes зь Менску, «Воронин Бэнд» з Баранавічаў, RU.ST з Бабруйску, Jenowa і Minas Morgul зь Віцебску.

Аднак сёньня стала вядома, што «Серебряная свадьба» адмовілася ад удзелу ў фінале на карысьць The toobes. Таму пераможца ад Менску ўжо фактычна вызначаны. Застаецца толькі дачакацца фінальнай разьвязкі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.058 seconds.