Беларускія панк-рокеры «Anyway!» прэзэнтавалі свой дэбютны альбом

Канцэрт з прэзэнтацыяй першай плыткі гурта «Anyway!» пад назовам «Please, Posterize Me!» прайшоў у менскім клюбе Night Star 21 лістапада. «Anyway!» выступае з 2004 году і пасьпеў ужо выпусьціць два міні-альбомы ды зайграць у Чэхіі, Украіне й Расеі. Свой дэбютны поўнафарматнік музыкі натхнёныя «Ляпісам Трубяцкім» выклалі бясплатна ў Сеціве. А як прайшоў сольны канцэрт гурта — глядзім у фотарэпартажы.

Anyway!

Гурт стварыўся зь ідэі былога сталага фэна Metallica Юры «Патрыка» Белазора, які, пачуўшы Blink 182, зразумеў, што гэта ягоная музыка й хацеў бы рабіць нешта сваё. Паступова й стварылася каманда па назовам «Anyway!» — менавіта каманда, бо ў падборы ўдзельнікаў Юра ставіў на першы плян хутчэй чалавечыя якасьці, каб было камфортна працаваць, бо перакананы, што з добрымі людзьмі патрэбнага выніку можна дасягнуць значна хутчэй. І ўжо ўвесну 2006-га музыкі выпусьцілі свой першы міні-альбом. Далей зьнялі кліп на песьню «Вот и всё», які зь лета 2007-га трапіў у ратацыю каналу «MTV Менск». А зараз гурт прэзэнтуе свой першы альбом.

Anyway!

Дарэчы, фронтмэн «Anyway!» Патрык удзельнічае цяпер і ў новым супольным музычным праекце ў стылі 60-х гадоў, дзе выконвае напісаную Лявонам Вольскім песьню «Не пасьпяваю». Увесь праект зьявіцца ў сьвет ужо напрыканцы гэтага году.

Свой першы альбом — ангельскомоўны «Please, Posterize Me!» — «Anyway!» выкладае для бясплатнага спампоўваньня ў Сеціве, не хаваючы, што прыклад «Ляпіса Трубяцкога» моцна натхніў маладых музыкаў, бо ў час імклівага разьвіцьця інфармацыйных тэхналёгіяў, той, хто сапраўды жадае набыць альбом набудзе яго і пасьля спампоўваньня.

Песьні з плыткі «Anyway!» «Please, Posterize Me!» можна бясплатна спампаваць з сайту гурта, набыць альбом на CD можна на канцэртах гурта альбо замовіць праз сайт.

Яшчэ 21 фота з канцэрту «Anyway!» 21 лістапада ў фотаблогу Generation.bY.

Аўтар фота Воля Кузьміч

tarka 12:14, 24/11/2008 | Рэпартажы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0604 seconds.