Дзяўчаты ў чырвоным больш прывабліваюць хлопцаў?

Новыя дасьледваньні паказваюць, што чырвоны колер робіць дзяўчат больш прывабнымі ў вачох хлопцаў і нават стымулюе больш траціцца на сваіх каханак. Навукоўцы з University of Rochester правялі шэраг экспэрымэнтаў, каб высьветліць, як колер уплывае на стаўленьне мужчын да жанчын.


Псыхоляг Daniel Niesta дэманструе выявы для экспэрымэнта.
Фота: University of Rochester.

У экспэрымэнтах хлопцы праглядалі фота дзяўчат у белай і чырвонай рамачцы і ставілі свае адзнакі прывабнасьці дзяўчат. А ў апошнім экспэрымэнце блузу дзяўчыны перафарбавалі ў фотарэдактары ў чырвоны і сіні колеры. Хлопцы мусілі адказваць на шэраг пытаньняў, адно зь якіх: «Уявім, вы заплянавалі сустрэчу з гэтым чалавекам, а ў вас у гаманцы толькі $100. Як бы вы іх патрацілі на спатканьні?»

Паказальна, што ва ўсіх выпадках, дзе прысутнічаў чырвоны колер (вопратка ці рамачка), дзяўчат ацэньвалі як больш прывабных. Дарэчы, і грошаў на «дзяўчат у чырвоным» хлопцы гатовыя патраціць нашмат болей.

«Цікава было даведацца, што звычайны колер можа рабіць такі ўплыў на паводзіны мужчыны безь яго ведама», — распавядае ў прэс-рэлізе прафэсар Andrew Elliot.

Навукоўцы лічаць, што такі ўплыў колераў тлумачыцца найперш сацыяльнымі стасункамі, хоць мае і эвалюцыйныя падставы. Да прыкладу, самцы прыматаў, бабуінаў і шымпанзэ таксама неабыякава ставяцца да ярка чырвонага, што скарыстоўваюць самкі ў «шлюбны» пэрыяд.


Фота: Miss Aniela.

Нездарма ў многіх культурах чырвоны колер лічыцца колерам каханьня й жарсьці.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.059 seconds.