У БДУ праходзіць чвэрцьфінал чэмпіянату сьвету па праграмаваньні сярод студэнтаў
11-ыя чвэрцьфінальныя камандныя спаборніцтвы Заходняга рэгіёну студэнцкага чэмпіянату сьвету па праграмаваньні адкрыліся ў БДУ 23 кастрычніка. У спаборніцтвах, якія адбываюцца сёньня ў Менску, удзельнічаюць каля 50-ці камандаў зь Беларусі, Эстоніі, Латвіі, Літвы і Калінінграда.
Менавіта гэтыя краіны ўваходзяць у Заходні рэгіён каманднага чэмпіянату сьвету па праграмаваньні сярод студэнтаў, які ладзіцца па правілах АСМ (Association for Computing Machinery).
Прэс-служба БДУ паведамляе, што каманды мусяць разыграць сёньня 13 месцаў на паўфінал, які адбудзецца 26 лістапада ў Санкт-Пецярбургу. Для камандаў ад ВНУ нашай краіны, спаборніцтвы маюць яшчэ і статус Рэспубліканскай студэнцкай алімпіяды па праграмаваньні. Праграма спаборніцтваў прадугледжвае праектаваньне альгарытмаў і праграмаў на мовах высокага ўзроўню.
Камандзе з 3 чалавек прадстаўляецца на 5 гадзін адзін кампутар. За гэты кароткі час неабходна разьвязаць як мага больш задач з прапанаванага сьпісу. Перамагае каманда, якая разьвязала найбольшую колькасьць задач за меншы час.
Беларускія каманды пачалі свой удзел у гэтых чэмпіянатах толькі ў 1995 годзе. Высокія вынікі студэнтаў БДУ, а таксама іншых каманд беларускіх ВНУ былі станоўча ацэненыя і ў 1998 году аргкамітэт АСМ узнагародзіў БДУ сэртыфікатам унівэрсытэта–арганізатара АСМ-спаборніцтваў Заходняга рэгіёну.
З гэтага часу факультэт прыкладнай матэматыкі і інфарматыкі БДУ зьяўляецца іх сталым арганізатарам. Нашы студэнты заўсёды дамагаліся правы ўдзельнічаць у фінале АСМ-чэмпіянату сьвету па праграмаваньні, а ў 2004 годзе сталі залатымі мэдалістамі. Выдатнага посьпеху студэнты БДУ дасягнулі і ў мінулым чэмпіянаце, заваяваўшы бронзавы мэдаль у даволі цяжкіх умовах, калі ў адборачных спаборніцтвах па ўсім сьвеце прымалі ўдзел больш 6700 унівэрсытэцкіх каманд з 83 краінаў. Нашы студэнты апярэдзілі тады шматлікія каманды кіроўных унівэрсытэтаў сьвету.