Каманда БДУ атрымала бронзу на Чэмпіянаце сьвету па праграмаваньні

Каманда студэнтаў ФПМІ БДУ ў складзе Мікіты Лесьнікава, Паўла Іржаўскага і Ўладзіміра Керуса стала бронзавым прызёрам Чэмпіянату сьвету па праграмаваньні. Трэнэр і кіраўнік каманды — доктар навук прафэсар Уладзімір Котаў. Усяго ў фінале прынялі ўдзел сто каманд з 33 краін сьвету.­


Каманда ФПМІ БДУ разам з трэнерам атрымоўвае дыплём. Фота ACM-ICPC

У адборачных турах стартавалі 6 700 камандаў з 1821 унівэрсытэта 83 краінаў сьвету, але ў фінал былі адабраныя толькі 100. Найбольшую колькасьць камандаў прадставілі ЗША — 20. За Кітай змагаліся 15 камандаў і 11 — за Расею. Фінал сусьветнага першынства прайшоў 9 красавіка ў канадзкім горадзе Банф (правінцыя Альберта).

Лепшай у сьвеце і Эўропе стала каманда Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту інфармацыйных тэхналёгіяў, мэханікі і оптыкі. Таксама «золата» атрымалі каманды з Масачусэтса (2 месца), Іжэўску (3) і Львову (4).

У Расею адправілася таксама і «серабро». Другую па значнасьці мэдаль атрымалі і каманды з Кітая, ЗША і Харватыі. 

Апроч каманды студэнтаў ФПМІ Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, якая заняла ў фінале 12 месца, бронзавы мэдаль атрымалі каманды з Канады (9 месца) і Расеі (10 і 11 месцы).

Удзельнікам спаборніцтваў, якія называюць яшчэ «Бітвай інтэлектаў» («Battle of the Brains»), неабходна было разьвязаць ад васьмі да дзесяці практычных задач па кампутаровым праграмаваньні высокай ступені складанасьці, якія мадэлююць рэальныя праблемы сучаснага бізнэсу. Гэтыя задачы прызначаныя для праверкі ведаў студэнтаў, іх дзелавой хваткі і здольнасьці пераносіць вялікія інтэлектуальныя нагрузкі — якасьцяў, неабходных новаму пакаленьню адмыслоўцаў у вобласьці інфармацыйных тэхналёгіяў.

Сусьветныя студэнцкія спаборніцтвы па праграмаваньні маюць высокі статус і выклікаюць вялікую зацікаўленасьць сярод студэнтаў усяго сьвету, якія спэцыялізуюцца ў галіне інфармацыйных тэхналёгіяў. Беларускія каманды пачалі свой удзел у гэтых чэмпіянатах толькі з 1995/96 гг. Высокія вынікі студэнтаў БДУ, а таксама іншых каманд беларускіх ВНУ, былі ацэненыя аргкамітэтам чэмпіянату. У 1998 аргкамітэт спаборніцтваў пад эгідаю АСМ (Association of Computing Machinery) узнагародзіў БДУ сэртыфікатам унівэрсытэту-арганізатара.

З таго часу Факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Белдзяржунівэрсытэта зьяўляецца сталым арганізатарам спаборніцтваў. Нашыя студэнты заўсёды дамагаліся права ўдзельнічаць у фінале АСМ-чэмпіянату сьвету па праграмаваньні. Бронзавыя мэдалі — ня першая высокая ўзнагарода студэнтаў БДУ. У 2004 году каманда ФПМІ была залатым мэдалістам.

Уні Вера 15:20, 10/04/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0621 seconds.