«Паганства» Лянкевіча: «Ты проста зьмяняесься з гэтымі людзьмі!»

«Паганства» — фотавыстава Андрэя Лянкевіча — прэзэнтаваная ў менскай «Падземцы» ўчора. У лютым яна прадставіць Беларусь у Бэрліне, а ў «Падземцы» будзе жыць да 30 верасьня. Адкрывалася ж з дудой, вясковымі агуркамі, памідорамі ды самагонам. З натоўпам у цеснай залі: фота разглядаць нянадта зручна, затое Лянкевіч народу цікавы!

­

Паганства Лянкевіча — гэта не рэлігія і ня капішчы, а сьветапогляд, культура, нашы бабулі, дзядулі і мы.

Як паведаміў у сьціплым выступе фатограф, там, у аўтэнтычным вясковым жыцьці, што адлюстравалася ў выставе, усе ўсё пасьпяваюць. Толькі мы, гараджане, сьпяшаемся, не пасьпяваем і комплексы атрымліваем.

«Ты хочаш плакаць: настолькі моцная энэргетыка ў гэтых людзей! Ім ня трэба тыя стэрэатыпы, якія мы маем у горадзе, кватэры, машыны… Ты проста сам зьмяняесься з гэтымі людзьмі», — дзеліцца ўражаньнямі з Generation.bY Андрэй Лянкевіч.

Здымкі Лянкевіча адбываліся ні многа ні мала, а чатыры месяцы. Як прымалі ў вёсках і мястэчках прыежджага фатографа, не пужаліся?

«Вядома, трэба прыехаць, пазнаёміцца, пабыць там, паесьці, паспаць, гарэлкі ўвечары выпіць. А зранку разумееш, што ты, такі ж, як яны, і яны ўжо ня бачаць у табе фатографа. Назіраеш, здымаеш, цябе ўжо там няма, камэры няма».

Паезьдзіўшы па Беларусі, пазнаёміўшыся зь мноствам людзей, якія дагэтуль нясуць у сабе старажытныя традыцыі й звычаі, у Андрэя сфармавалася сваё, уласнае адчуваньне паганства:

«Гэта вялізарная культура, якая нарадзіла мноства ўсяго. Я шмат дзяцінства правеў у вёсцы, таму адчуваю гэта. Гэта айсбэрг, які зьнікае і які не зусім дасьледаваны. У нейкі момант усе гэта можа проста адысьці і зьнікнуць».

­


Аўтар фота да матэрыялу: Юра Сідун

Выстава Андрэя Лянкевіча «Паганства» праходзіць у арт-галерэі «Падземка» 16–30 верасьня.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0615 seconds.