Як музыка дапамагае людзям узнавіць памяць? Навукоўцы дасьледуюць песьні The Beatles
Знаёмая кожнаму сытуацыя: песьня, якая актыўна слухалася раней, пачутая наноў дзіўным чынам узнаўляе старыя ўспаміны. А ўявіце, колькі ўспамінаў і для колькіх людзей навяваюць песьні The Beatles. Гэтым пытаньнем і заняліся брытанскія дасьледнікі. Тры тысячы ўспамінаў ад прадстаўнікоў 69 нацыяў змогуць дапамагчы навукоўцам высьветліць, як музыка дапамагае людзям узнавіць у памяці даўно забытыя падзеі.
Вокладка альбому Beatles For Sale 1964 году.
Навукоўцы мяркуюць, што мэлёдыі могуць ажыўляць памяць. На гэтым тыдні ў Лівэрпулі будзе прадстаўлены буйнейшы ў сьвеце каталёг успамінаў, так ці інакш зьвязаных з мэлёдыямі The Beatles, паведамляе BBC.
У межах дасьледваньня людзі распавядалі навукоўцам, якія аўтабіяграфічныя ўспаміны ім навяваюць розныя песьні The Beatles ці нават асобныя ўдзельнікі вядомай лівэрпульскай чацьвёркі.
Высьветлілася, што амаль заўсёды гаворка вялася пра пазытыўныя ўспаміны. Пры тым ўспаміны вельмі жывыя: людзі ўзгадвалі ўласныя падзеі, суправаджальныя гукі і пахі.
У дасьледваньні бралі ўдзел мужчыны й жанчыны ад 17 да 87 год. Навукоўцы кажуць, што высновы справядлівыя для абодвух палоў. Псыхоляг Катрыёна Морысан з Унівэрсытэта Лідса заўважае:
«Раней лічылася, што цяжкасьці з узнаўленьнем у памяці тых ці іншых падзеяў зьвязаныя, у першую чаргу, з праблемамі пры „запісе“ падзеі нашай нэрвовай сыстэмай. Аднак той факт, што музыка дапамагае нам узгадаць даўно забытае, кажа аб тым, што праблема заключаецца не ў „запісе“ і „захоўваньні“ успамінаў, а ў „доступе“ да іх».
Пакуль, праўда, невядома, якая музыка лепей садзейнічае паляпшэньню памяці. Але дасьледваньні працягваюцца й зараз, і любы ахвотны можа падзяліцца ўласнымі ўспамінамі, зьвязанымі з песьнямі The Beatles. Дадаць свае memories можна праз сайт magicalmemorytour.com.