На хутары Шаблі прайшоў трэці этна фэст «Вольнае паветра»

Што агульнага паміж Зьміцерам Вайцюшкевічам і «Троіцай», курдам Махмудам і «Палацам»? Як мінімум тое, што ўсе яны цудоўна спалучаюцца на сцэне этна фэсту «Вольнае паветра», ва усіх адценьнях водару якога паспрабаваў разабрацца Алесь Bezuher.

Фэстываль этнічнай музыкі «Вольнае паветра» другі раз прайшоў на хутары Шаблі, што на Валожыншчыне. Весела і бесклапотна, крыху мокра, але з намётамі і надта хутка праляцеў ужо трэці па ліку і адзіны па складу этна фэст Беларусі. ­

Вясковае паветра

Любы фэстываль беларускай музыкі, ды яшчэ і ў Беларусі — справа выключная. Амаль такое ж выключэньне з беларускага бізнэсу ўяўляе сабой Уладзімір Шаблінскі — выканаўчы дырэктар канцэртнага агенцтва «Лінія гуку», які абсалютна бясплатна пускаў усіх жадаючых на тэрыторыю свайго хутару.

Але жадаць трэба было хутка: каб трапіць на фэст, трэба было зарэгістравацца на сайце. Рэгістрацыя цягнулася ўсяго некалькі дзён, да запаўненьня «жывой прасторы хутара», пасьля чаго і рэгістрацыя, і сам сайт, і нават прэс-рэлізы ў СМІ зьніклі зь інтэрнэту. Як успамін пра магчымасьць трапіць на фэст застаўся кэш пашукавіка Google.com, які ласкава выдаваў усім жадаючым інфармацыю і пра месца правядзеньня, і пра склад выступоўцаў фэсту.

Выключнае месца правядзеньня — кавалак беларускай вясковай культуры. Абавязковыя хаты-артэфакты ў спалучэньні з клясычнай open-air сцэнай і намётавым мястэчкам ля недабудаванага басэйна памерам з баскетбольную пляцоўку рабілі сваю справу: тыя шчасьліўчыкі, што траплялі ў закрытыя для большасьці «варыўні» ды «сенцы» з падвешаным пад дах дыскатэчным шарам, маглі адчуць сябе наведвальнікамі сюррэалістычнага музэю.

Вольнае паветра

Маладое паветра

«Няхай жыве вольнае паветра!» — пракрычалі пад кіраўніцтвам вядоўцы фэсту Віктара Шалкевіча спэцыяльна падабраныя дзеці, і паветра, крыху ўжо вечаровае і мокрае, запоўнілася бесклапотным сьмехам вакалісткі гурта «Дзецідзяцей» Ганны Хітрык.

«Мы ж дзеці, таму нам усё можна», — узяла Ганна картблянш на любыя гарэзы ў праграме, гэтым разам больш фолькавай, але нязьменна заразьліва-эмацыйнай.

Галоўнай адметнасьцю фэсту стала вялікая колькасьць новых твараў, у некаторых выпадках новых абсалютна для ўсіх. Такіх, як загадкавы беларускі курд Масуд Талібані, якога раней заўважалі на хіпоўскіх імпрэзах, напрыклад «Вясёлцы». З вялізным бубнам і нацыянальнымі курдзкімі матывамі, да таго ж з такім «тэрарыстычным» імем, Масуда доўга яшчэ будуць прыгадваць за яго песьню са словамі «дэвушка, дэвушка, ізьвініты, я жыву в апщежытыі».

Вольнае паветра

Потым была маладая і расхваляваная Наста Някрасава. Прыгожая, у вечаровым строі і з аўтэнтычнымі тэкстамі, Наста шмат каго натхніла б на пакупку яе дыскаў, каб такія меліся ў прыродзе.

Чыньнікам галоўнага супрацьстаяньня фэсту стаўся праходзячы ў Польшчы стары, як вэтэраны адраджэньня, фэст Басовішча. Шмат хто з выступоўцаў: Зьміцер Вайцюшкевіч, «Троіца» — прыехалі на «Вольнае паветра» адразу з Беласточчыны. А вядомы шоўмэн і чалец процьмы праектаў Лявон Вольскі прывёз на фэст эксклюзіўны выступ «Я нарадзіўся тут», чым моцна парадаваў «паветраных» гледачоў і расчараваў арганізатараў «Басовішча» — з-за выступу на «Вольным паветры» гурт ZET, пра сувязь Вольскага зь якім даўна ходзяць чуткі, не прыехаў у борык ля Грудэку.

На нейкі момант ля сцэны зьявіўся сумны лідэр «Крамы» Ігар Варашкевіч. «Нас на „Басовішчы“ першымі паставілі выступаць», — зморшчыў твар на ўзгадку пра ўчорашні канцэрт генэрал року. Сярод прысутных гледачоў было шмат і тых, хто ня здолеў трапіць на фэст у Польшчы з-за візавых пытаньняў.

«Вольнае паветра» таньчыць на костках «Басовішча», — з зайздрасьцю кпілі «нятрапіўшыя» ў Польшчу сталыя наведвальнікі музычных імпрэзаў.

Сябра басовішчнага журы Зьміцер Вайцюшкевіч наадварот быў вясёлы і гасьцінны. Адыграўшы, у адрозьненьні ад мінулага «Паветра», усю праграму, ён кінуўся запрашаць на сьвяткаваньне свайго дня народзінаў у мінскую «казу», дзе абяцаў вал добрай музыкі і халяўнае шампанскае.

Вольнае паветра 

Выступ клясычнай «Троіцы» стаўся адной з галоўных падзеяў фэсту. Хоць надакучлівы дождж ужо скончыўся, музыкі, замест таго, каб даставаць свае чульлівыя інструманты, намякнулі арганізатарам на патрэбу пашырэньня фэстывальнай плошчы пад асобнае зачыненае памяшканьне і выканалі новую праграму ня цалкам.

Алькагольнае паветра

Год таму ў імкненьні разгадаць формулу беларускага паветра, незабыўны Арцемій Троіцкі бедаваў:

«У перакладзе зь беларускай «Вольнае паветра» зусім ня «Вецер волі», як я спачатку падумаў, а проста «Открытый воздух».

Тым часам, раней мокрае, паветра фэсту пачало набіраць разнастайныя алькагалёвыя пахі. «Жыве-е-е… Бе…», — імкнуўся разагрэць публіку перад выступам галоўнага патрыятычнага праекту беларускай музыкі «Я нарадзіўся тут» Віктар Шалкевіч. Публіка, падцягнуўшыся да сцэны, напружана прымоўкла. «Гэта ж Лявон Вольскі!» — адчулі ўрачыстасьць моманту дзьве глядачкі.

Апошняй песьняў ад «Я нарадзіўся тут», незаплянаванай, але чаканай, стаўся палянэз «Разьвітаньне з Радзімай» у выкананьні Зьмітра Вайцюшкевіча і Ксеніі Мінчанка. Мокрыя вочы Зьмітра выдалі душэўную тугу ці то па роднай зямлі, ці то па Вераніцы Кругловай, якая, як прыгадаў Зьміцер крыху раней, ужо даўна жыве ў Нямеччыне.

Перадапошнімі былі пастаўленыя «Нагуаль». Бясспрэчна якасная музыка на прыдуманай мове глядзелася добра, але толькі ня ў якасьці хэдлайнэраў хоць і хатняга, але open-air’у. «Працяг тэмы Троіцы», як прадставіў свой выступ вакаліст гурта Лёня Паўлёнак, запаліў публіку значна меней, чым іх старэйшыя калегі. Людзі пачалі разыходзіцца спаць, а стаянка ля хутара пусьцець.

«Грыбоў вам паболей!» — пажадаў публіцы Лёня.

Гурт «Хуткі смоўж», пераклад назвы якога так і не асіліў Шалкевіч, тэкстамі пра алькагалізм і доктара Хадоркіна падвёў пазытыўную рысу фэсту.

Фотаблог з «Вольнага паветра 2008»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0866 seconds.