Беларусы лічаць сябе амаль самымі няшчаснымі на Зямлі
Амэрыканскія сацыёлягі з University of Michigan у выніку апытаньня 97 краінаў склалі рэйтынг самых шчасьлівых і самых няшчасных дзяржаваў на Зямлі. Адпаведна дасьледаваньня жыхары Даніі лічаць сябе самымі шчасьлівымі, а народ Зімбабвэ настолькі прыгнечаны ўласным становішчам, што гэта краіна ўзначаліла сьпіс самых няшчасных дзяржаваў сьвету. Беларусы абышлі зімбабвійцаў толькі на тры пазыцыі.
Плякат дзяржаўнай акцыі «Мы — беларусы!»
Глябальнае апытаньне амэрыканскіх навукоўцаў ўключала ў сябе толькі два пункты:
- Кажучы наогул, ці можаце вы назваць сябе вельмі шчасьлівым/шчасьлівым/ня вельмі шчасьлівым/вельмі няшчасным?
- Ці здаволеныя вы вашым сёньняшнім жыцьцём у цэлым?
Параўноўваючы вынікі свайго дасьледаваньня з падобным, якое праводзілася 20 год таму, навукоўцы гавораць, што агулам людзі сталі больш шчасьлівымі.
«Я моцна падазраю, што адчуваньне шчасьця наўпрост зьвязанае зь мірам і стабільнасьцю. У рэшце рэшт, самы галоўны складнік шчасьця – свабода і магчымасьць жыць так, як падабаецца», – заявіў telegraph.co.uk кіраўнік дасьледаваньня прафэсар Ron Inglehart.
Top-10 самых шчасьлівых краінаў выглядае так:
- Данія
- Пуэрта Рыка
- Калюмбія
- Ісьляндыя
- Паўночная Ірляндыя
- Ірляндыя
- Швэйцарыя
- Нідэрлянды
- Канада
- Аўстрыя
А сярод самых няшчасных краінаў сьвету апынуліся ажно шэсьць краінаў былога СССР: армяне шчасьлівейшыя толькі за зімбабвійцаў (2-е месца), далей ідзе Малдова (3-е месца), Украіна (5-я) на адну пазыцыю абышла Беларусь, а грузіны (9-ыя) крыху меней няшчасныя за жыхароў Расеі, якая заняла 10-е месца з канца ў сьпісе самых шчасьлівых краінаў сьвету.