У Менску адчынілася фотавыстава «Generation To Go»

У той час, як фотагранды мерыліся даўжынёй аб’ектываў на прафэсійнай фотавыставе «Дызайн Фармат» у Белэкспа, моладзь зь Беларусі, Расеі і Нямеччыны прэзэнтавала свае фотапрацы ў менскім City Bar’ы. Адкрыцьцё выставы «Generation To Go» прайшло ўчора, а паглядзець фота можна яшчэ на працягу месяца — да 4 ліпеня.


Тое самае пакаленьне, што культуролягі ўжо стала называюць «generation Y» і на час фармаваньня якога прыпаў распад таталітарнай імпэрыі і ўзьяднаньне Германіі, заяўляе пра сябе і дае магчымасьць паглядзець на гэты сьвет іх вачымі. 

Як заўжды, процьма пытаньняў без адказаў, татальная самарэфлексія і звычайныя дылема маладосьці.

Каардынатарка праекту Марыя Несьцерава, якая прывезла гэтую выставу з Фрайбургу, імкнецца апісаць пачуцьці фатографаў:

«Кожны фатограф бачыць гэта пакаленьне па-свойму. Мы пытаем сябе: пагоня за кар’ерай — гэта маё? Ісьці на працу за вялікія грошы і гэтым прадаваць сябе? У кожнага свае адказы».

Марыя Несьцерава адзначае, што «фатографы проста сыстэматызуюць паўсядзённасьць. Таму справа ідзе аб нечым асобным і інтымным».

Так, дызайнэр з Германіі Ціна Касьпер спрабуе ўгледзецца ў твары «бацькоў партнэра ці мужа» праз сэрыю фотаздымкаў «Parents in law», Каця Несьцерава бачыць у чалавечых руках самоту, ці Зьміцер Куклін, які проста складае «чалавечы партрэт».

«Задача самарэфлексіі даволі складаная і кожны вырашае яе па-свойму», — канстатуе Марыя Несьцерава.

Выстава праходзіць з 4 чэрвеня па 4 ліпеня 2008 году ў кавярні City Bar (вул. Куйбышава 48). Уваход вольны.

Фота з адкрыцьця выставы 

 

 


Аўтар фота - Юра Сідун

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0633 seconds.