Праляскоўскі заявіў, што ў Беларусі будзе ажыцьцяўляцца фільтрацыя інтэрнэта паводле кантэнта
Алег Праляскоўскі заявіў, што ў Беларусі будзе ўжытая фільтрацыя інтэрнэт-сайтаў паводле кантэнта. Тэхнічна яе мусяць будуць ажыцьцяўляць правайдэры і адміністратары лякальных сетак.
«На заканадаўчым узроўні трэба першым чынам узмацніць адказнасьць за распаўсюджваньне ў Інтэрнэце інфармацыі, якая носіць супрацьпраўны характар. Калі на нейкім сайце зьявілася такая інфармацыя, адказнасьць за гэта павінны несьці адміністратар, уладальнік гэтага рэсурсу, а таксама правайдэр», — лічыць дырэктар Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзыдэнта РБ.
«У пляне арганізацыйных мер неабходна весьці гаворку аб так званай кантэнтнай фільтрацыі. Гэта значыць аб праграмным сродку, з дапамогай якога карыстальнікі або адміністратары лякальных сетак маглі б блякаваць доступ з падкантрольных ім кампутараў да сайтаў, на якіх утрымоўваецца інфармацыя, якая ўступае ў канфлікт зь дзейсным заканадаўствам або супярэчная нормам грамадзкай маралі», — заявіў Праляскоўскі.
Цытаты Праляскоўскага зь інтэрвію часопісу «Беларуская думка» зьмешчаныя на сайце БелТА, там жа два дні таму былі надрукаваныя выказваньні першай намесьніцы міністра інфармацыі Ліліі Ананіч пра рэгуляваньне інтэрнэта: «Міністэрства інфармацыі адназначна выступае за заканадаўчае рэгуляваньне дзейнасьці інтэрнэт-СМІ» і спасылаецца на вопыт Кітаю.