«Міністэрства інфармацыі адназначна выступае за заканадаўчае рэгуляваньне дзейнасьці інтэрнэт-СМІ» і спасылаецца на вопыт Кітаю

БелТА надрукавала сёньня выказваньне першай намесьніцы міністра інфармацыі Ліліі Ананіч пра рэгуляваньне інтэрнэта. Зь яе словаў можна зрабіць некаторыя высновы пра пляны ўладаў да Сеціва: «добрасумленныя» інтэрнэт-рэсурсы ў Беларусі будуць разьвіваць, іх выдаўцоў аб’яднаюць у асацыяцыю, а для дэструктыўных замежных «ёсьць вопыт Кітаю».

«Міністэрства інфармацыі адназначна выступае за заканадаўчае рэгуляваньне дзейнасьці інтэрнэт-СМІ. Тыя з іх, хто жадае працаваць як сродак масавай інфармацыі (запытваць інфармацыю, распаўсюджваць яе, прысутнічаць на прэс-канфэрэнцыях і г.д.), павінныя быць зарэгістраваныя ва ўсталяваным парадку. Парадак павінен быць вызначаны альбо законам аб СМІ, альбо ўрадавым нарматыўна-прававым актам»,  — заявіла Лілія Ананіч падчас круглага стала часопіса «Беларуская думка».

Па меркаваньні Ананіч, існуе праблема дэзінфармацыйных плыняў замежных сайтаў, якія ставяць сваёй мэтай дэструктыўна ўплываць на працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі.

«Але ёсьць вопыт Кітая, які перакрыў доступ такіх сайтаў на сваю тэрыторыю. І, вядома ж, у першую чаргу неабходны якасны рост нацыянальнага інтэрнэт-рэсурсу, які працуе на карысьць нашай краіны», — лічыць першы намесьнік міністра інфармацыі.

Акрамя таго Лілія Ананіч узгадала і падтрымала ініцыятыву генэральнага дырэктара Белта Дзьмітрыя Жука аб стварэньні ў Беларусі асацыяцыі добрасумленных уладальнікаў і аўтараў інтэрнэт-сайтаў.

«Нароўні зь дзяржаўным рэгуляваньнем павінны існаваць "правілы добрага тону", прадыктаваныя карпаратыўнай інтэрнэт-супольнасьцю і выконваемыя ўсімі ўладальнікамі і аўтарамі сайтаў», — адзначыла яна.

vojur 15:25, 02/06/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0571 seconds.