Акустычны канцэрт N.R.M.: раяль у кустах, лепшыя песьні і прызнаньні ў каханьні
Акустычныя песьні N.R.M. і Мроі, кампазыцыі з «Народнага» і «Марскога» альбомаў, а таксама з супольнага праекту «Я нарадзіўся тут». Некалькі нечаканых музычных імправізацыяў, у тым ліку нават у стылі савецкага шансону. Вельмі ўтульная атмасфэра вялікай шчыльна запоўненай залі зь людзьмі абсалютна рознага веку. Вясёлыя, наіўныя і дзёрзкія пытаньні ад гледачоў і такія ж адказы ад Лявона, Піта, Алезіса і Юрася. Такім атрымаўся доўгачаканы вялікі акустычны канцэрт N.R.M. 29 траўня ў КЗ «Мінск». Далей яшчэ пра раяль у кустах і пра тое, хто таемна кахае Лявона ўжо 10 гадоў.
Раяль у кустах
Зрэшты, усю праграму можна назваць «Раяль у кустах». N.R.M. радаваў рарытэтамі — песьнямі ў акустычнай апрацоўцы з апошняга альбому, і песьнямі «сівой даўніны».
Бясспрэчным цьвіком праграмы ўчора былі песьні «Краіна крывавых дажджоў» і «Халодны блюз», выкананыя пад раяль. Нехта з гледачоў трапна адзначыў: «Элтан Джон адпачывае!»
Вялікая канцэртная заля ператварылася ва ўтульную кавярню. Сцэна была ўпрыгожаная трыма агромністымі старажытнымі люстэркамі, якія стваралі настрой таямнічасьці, а пыл на старым шкле інтрыгаваў.
Энэрэмаўцы жартавалі і ўзгадвалі гісторыі, зьвязаныя з песьнямі. Да прыкладу, пра песьню «Медны купарос» Лявон прызнаўся, што калі пісалі яе, то яшчэ ня ведалі, што купарос
Сапраўдным сюрпрызам была галоўная песьня з аднайменнага праекту «Я нарадзіўся тут», якую напісаў Лявон (у праекце яе выконвае Зьміцер Вайцюшкевіч). «Калі запісвалі, то ў мае словы залез крышачку сваёй рукой прадусар», — распавёў Лявон. Першасны варыянт, дарэчы, больш аптымістычны.
«Я нарадзіўся тут — у той час, калі гэта было патрэбна», — сьпявае Лявон. — «Я нарадзіўся тут, дзе нараджацца небясьпечна. Я нарадзіўся тут, хто патрэбна — памрэ, а некаторыя будуць жыць вечна».
Выканаў N.R.M. і некалькі песень з культавага праекту Міхала Анемпадыстава «Народны альбом». Адну зь іх, «Простыя словы», музыкі прысьвяцілі акторцы Сьвятлане Зелянкоўскай, якая ў гэтыя дні акурат сьвяткуе свой Дзень Народзінаў. Прагучала песьня і з даўняга, але пакуль незрэалізаванага праекту Міхала «Марскі альбом».
Акрамя выкананьня заплянаваных сьпеваў энэрамаўцы шмат размаўлялі і імправізавалі. Пакуль у Піта Паўлава разладзілася гітара, іншыя музыкі гурта скарысталі момант, каб прадэманстраваць шансонаўскую песеньку пра «дзепутата, сікрытаршу і мандат». «Гэта ж бездухоўнасьць!» — спрабаваў апраўдацца Піт. «Гэта мы вас прыкрывалі!» — не спыняліся Лявон і кампанія.
«Лявон, я вас кахаю 10 гадоў. Што мне рабіць? Як жыць далей?»
Кошык на ўскрайку сцэны напоўніўся цыдулкамі з пытаньнямі ад гледачоў хутка. Ня дзіўна, што першае ж пытаньне, якое Лявон выцягнуў зь яго, тычылася забаронаў канцэртаў гурта на працягу апошніх год. «Расскажите, пожалуйста, как вам объясняли запреты ваших концертов и некоторых других групп?» «Ніяк», — і шквал авацыяў.
Тэма сустрэчы музыкаў з ідэолягам Праляскоўскім папулярная й дагэтуль: «Ці ёсьць шанец на вялікі інструмэнтальны канцэрт N.R.M. з танцпляцам у Палацы Спорту?» Лявон жартаваў: «Іструмэнтальны? Гэта тыпу толькі кампазыцыі граць, без словаў? Ёсьць шанец, канешне. Вось сходзім да Праляскоўскага — і інструмэнтальны канцэрт ужо на заўтра можам спакойна рабіць».
Але прыхільнікі скарысталі гэту магчымасьць ня толькі для непасрэдных пытаньняў. Кошык напаўняўся прызнаньнямі ў каханьні, заклікамі і прыватнымі гісторыямі, якія музыкі проста зачытвалі без адказаў — заля шумела ад авацыяў і так.
«Лявон, я вас кахаю 10 гадоў. Што мне рабіць? Як жыць далей?
Алена зь Менску, 28 годP.S. Вольга і Вера далучаюцца»
Лявон Вольскі часта экспэрымэнтуе з ўласным зьнешнім выглядам і вобразамі, асабліва ў межах «Крамбамбулі». Часта мяняюцца ў лідэра N.R.M. і фрызуры. Ня дзіўна, што пытаньні былі на канцэрце й пра стыль: «Леонид, у вас чёлочка, как у эмо!» «Сачыце за модай — усё будзе нармальна!» — гарантуе Лявон:).
Але бясспрэчным лідэрам сярод пытаньняў было аздабленьне сцэны, а найперш — старажытныя агромністыя пыльныя люстэркі. «Чаму яны такія брудныя і дзе вы іх узялі?» Лявон распавёў, што гэта ідэя арганізатара канцэрту Ўладзіміра Шаблінскага, які і раздабыў такі інвэнтар, мабыць, «хацеў намякнуць, што гэта старая ўжо каманда».
«Мы пераможам?», «Не пускаюць танчыць. Што рабіць?», «Праз што вам прыйшлося прайсьці, каб арганізаваць гэты канцэрт?», «Чаму вы прапагандуеце сьпіртное? І так нацыя сьпіваецца!», «Жыве Беларусь!», «Як мне здаць сэсію?», «Што было першым — курыца ці яйка?», «А напішыце песьню пра мяне. Васіль» — N.R.M. спэцыялісты ва ўсім — адказвалі на і за ўсё.
Вечар праляцеў імгненна. Напэўна, толькі N.R.M. у Беларусі так можа: зь мінімумам рэклямы, без аніводнага
- Глядзіце таксама фотаблог з акустычнага канцэрту N.R.M.