У продажы зьявіліся дзьве часткі мультфільма «Тарзан» па-беларуску

Саўндтрэкі выканаў Зьміцер Вайцюшкевіч, а героі агучаныя галасамі беларускіх актораў, дыктараў радыё і тэлевізіі. Творчая суполка «Дзіўноты і памароцтвы» працуе над перакладам яшчэ дзесяці культавых кіна- і мультфільмаў. А для вырашэньня пытаньняў аўтарскіх правоў удзельнікі ініцыятывы зьвярнуліся наўпрост на прадстаўніка Walt Disney’ю у СНД.

Беларускія Тарзаны

Тарзан па-беларуску

DVD9, PAL. Працягласьць: «Тарзан 2» — 68 хв., «Тарзан 1» — 85 хв. Мовы: беларуская (DDS 5.1 і DDS 2.0), ангельская, польская, расейская. Субтытулы: беларускія, ангельскія, польскія, расейскія + да мультфільму «Тарзан 2» забаўляльныя факты ў выглядзе 5-га патоку субтытулаў. Агучана акторамі Беларускага Рэспубліканскага Тэатру Юнага Гледача, Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя М. Горкага, а таксама дыктарамі радыё й тэлевізіі. Песьні выконвае сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч.

«Лішне казаць, мы былі вельмі ўсьцешаныя, пабачыўшы плён свае працы не на „самапальных балванках“, але на прыстойных завадзкіх кружэлках, і цяпер можна з упэўненасьцю казаць, што ў Беларусі запачаткаванае выданьне якасных беларускамоўных відэапраграмаў на такіх самых якасных DVD-дысках», — дзеляцца ўражаньнямі ад першых дыскаў заўзятары творчай суполкі «Дзіўноты і памароцтвы» на сваім сайце.

Набыць дыск можна ўжо зараз — кропкі распаўсюду пазначаныя на сайце «Дзіўнотаў і памароцтваў».

Як выдаць «абеларушаныя» фільмы легальна?

«Тарзаны» пакуль неліцэнзійныя, хоць ад пачатку сваёй працы суполка DJP робіць стаўку на захаваньне аўтарскіх правоў і легальны продаж «абеларушаных» фільмаў.

Кіраўнік суполкі Алесь Квіткевіч тлумачыў Generation.bY, што згуртаваньне ня лічыць сябе піратамі — столькі часу выдаткоўваецца на пошук людзей, на пераклад, на агучку, на дызайн, на друк. Да таго ж, гэта каштуе грошаў. Але спрабаваць атрымаць ліцэнзію на распаўсюд яны будуць.

Як тлумачаць удзельнікі суполкі, на дадзены момант яны сутыкнуліся з тым, што беларускія кампаніі, якія займаюцца продажам фільмаў карпарацыяў кшталту Walt Disney, DreamWorks, Warner Brothers і інш, не займаюцца ніякімі іншымі пытаньнямі, апрача ўласна распаўсюду гатовых дыскаў. А пытаньні агучваньня/дубляваньня відэапраграмаў, а таксама майстраваньня канчатковых DVD папросту не ўваходзяць у іхнюю кампэтэнцыю.

Так, «Дзіўноты і памароцтвы» зьвярнуліся да беларускай кампаніі «ВідэаМакс», якая прадстаўляе ў нас Walt Disney i Universal, з прапановаю бясплатна ствараць для іх беларускамоўныя гукавыя дарожкі, але атрымалі адказ, што кампанія ня можа відазьмяняць гатовую прадукцыю, якую яна атрымлівае для рэалізацыі ў нашай краіне.

Каб вырашыць насьпелае пытаньне легальнага распаўсюду перакладзеных на беларускую мову стужак, ініцыятыва накіравалася наўпрост у прадстаўніцтва Walt Disney у СНД, якое знаходзіцца ў Маскве. DJP хоча пераканаць іх у неабходнасьці дубляваньня замежных фільмаў, найперш мультыплікацыйных, на нацыянальную мову, а каб адлюстраваць якасьць, прыхапілі з сабою ўжо перакладзеных «Тарзанаў». Удзельнікі ініцыятывы хочуць дамагчыся ўключэньня беларускамоўных гукавых дарожак і беларускіх патокаў субтытулаў у DVD-дыскі, што рэалізуюцца ў Беларусі праз афіцыйныя сеткі распаўсюду. 

Будучыя фільмы зь беларускім перакладам

Ініцыятыва «Дзіўноты й памароцтвы» ўжо мае станоўчы досьвед выпуску ня проста перакладзеных на беларускую фільмаў, але й дамоваў на легальны распаўсюд. У хуткім часе ў афіцыйным продажы зьявіцца стужка Эміра Кустурыцы «Чорная Котка, Белы Кот». Гэта першая ліцэнзійная беларускамоўная вэрсія. А ў агучваньні ўдзельнічалі Алег Хаменка, Аляксандар Кульлінковіч, вакалістка «Зьмяі» Зоя Каральчук, вакалістка «WZ-Orkiestra» Ксеніі Мінчанкі, акторы Свабоднага Тэатру, гурт «Разьбітае сэрца пацана».

А яшчэ год таму агучаныя дзьве часткі трылёгіі «Піраты карыбскага мора», дзе ролю Джэка Вараб’я дасканала засвоіў Лявон Вольскі. Але выпуск фільма пакуль затрымліваецца — чакаюць лідэра «ляпісаў» Сяргея Міхалка, удзел якога «Дзіўноты і памароцтвы» лічаць вельмі жаданым. Зараз «Ляпіс Трубяцкой» піша новы альбом у Кіеве, таму аматарам «піратаў» прыйдзецца яшчэ крыху пачакаць.

Зараз згуртаваньне займаецца перакладамі мультфільмаў «Гісторыя цацак 2» і «Карпарацыя Монстраў», фільмаў «Казыно Раяль», «Горад грахоў» і «Жыцьцё іншых», «Перакладніца» і «300 спартанчукоў», а таксама дацкі анімацыйны фільм для дарослых «Прынцэса».

 

tarka 12:20, 27/05/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1046 seconds.