Навукоўцы: узровень адукацыі ўплывае на працягласьць жыцьця
Амэрыканскія навукоўцы зь некалькіх унівэрсытэтаў ЗША дасьледвалі дадзеныя па сьмяротнасьці 3,5 мільёнаў сваіх грамадзянаў паміж 1993 і 2001 гадамі. Высьветлілася, што розьніца ў працягласьці жыцьця паміж адукаванымі і малаадукаванымі людзьмі імкліва расьце з кожным годам.
Вынікі дасьледваньняў апублікаваныя ў часопісе PLoS ONE. У сярэднім на 30% скараціўся ўзровень сьмяротнасьці сярод тых, хто скончыў, як мінімум, каледж. Паказальна, што раней галоўнымі прычынамі сьмяротнасьці былі ВІЧ, інфэкцыі, рак і хваробы сэрца, а зараз яны ўжо адступілі на другі плян.
А што тычыцца тых, хто адолеў толькі сярэднюю школу (ці амаль адолеў), сьмяротнасьць сярод іх наадварот узрасла. Самы вялікі гадавы паказальнік (3,2%) у жанчынаў, якія ня скончылі сярэдняй школы.
Навукоўцы лічаць, што ўзровень адукацыі адбіваецца на фінансавым становішчы чалавека, таму часьцей за ўсё ў іх няма мэдыцынскай страхоўкі, пастаяннай працы і інш. Узровень інфармаванасьці аб разьвіцьці мэдыцыны таксама нізкі ў малаадукаваных людзей. Як вынік, і зьяўляецца такая розьніца ў сьмяротнасьці.