Магілёўскія студэнты мусяць абмежаваць кантакты з замежнікамі

Студэнты Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту мусяць папярэджваць кіраўніцтва ня менш як за два тыдні пра плянуемыя паездкі за межы Беларусі, а таксама выключыць несанкцыянаваныя кантакты з прадстаўнікамі замежных краін. Адпаведны загад за № 71 пабачыў сьвет 27 сакавіка ­2008.

Апроч гэтага, дадзеным загадам прадугледжанае «выключэньне несанкцыянаваных кіраўніцтвам унівэрсытэту кантактаў выкладчыкаў і студэнтаў з прадстаўнікамі замежных арганізацыяў падчас рэалізацыі зацьверджаных кіраўніцтвам ВНУ адукацыйных праграмаў».

У абавязковым парадку прадугледжана «замацоўваць за прадстаўнікамі замежных арганізацыяў і супрацоўнікамі замежных дыпмісыяў, якія наведваюць УА „МДУ імя А. А. Куляшова“ з мэтаю рэалізацыі міжнародных адукацыйных праграмаў, супрацоўнікаў адміністрацыі унівэрсытэту й зацікаўленых службаў унівэрсытэту».

Свае дзеяньня рэктарат МДУ імя Куляшова абгрунтаваў неабходнасьцю «забясьпечыць абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзянаў».

«Гэты загад супярэчыць усяму дзеючаму заканадаўству Беларусі, ня кажучы пра міжнародныя нормы. Па-першае, забясьпечваць абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян павінны праваахоўныя органы. Такім чынам Установа Адукацыі „МДУ імя А. А. Куляшова“ спрабуе заняцца нестатутнай дзейнасьцю. Кожны грамадзянін Беларусі мае права на таямніцу асабістага жыцьця, права безперашкоднага перасоўваньня па Беларусі й за яе межы… Магілёўскія незалежныя юрысты ў хуткім часе пададуць заяву ў пракуратуру з патрабаваньням прыпыніць дзеяньне загада й прыцягнуць да адказнасьці адміністрацыю унівэрсытэту», — пракамэнтаваў зьмест загаду № 71 Аляксандр Каралёў, юрыст-консульт Магілёўскага прадстаўніцтва прафсаюзу РЭП.

Паводле «Наш Магілёў»

12:22, 14/04/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0625 seconds.