Гомель — крымінальная сталіца студэнтаў?

Адразу некалькі гучных крывавых здарэнняў з удзелам студэнтаў адбыліся за апошні час у Гомелі. Усе яны так ці інакш звязаныя з замежнымі навучэнцамі, што прыехалі ў Беларусь з Азіі, найперш Туркменістану, а таксама беларускімі студэнтамі дзяржаўнага ўніверсітэту транспарту.

Адразу некалькі вялікіх міжнацыянальных боек прыцягнулі ўвагу ўсёй Беларусі ў апошнія дні. Ва ўсе апынуліся ўцягнутымі студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту транспарту (БелДУТ) ці Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэту Скарыны.

Спачатку 25 лютага каля 20 туркменскіх студэнтаў (па дадзеных Радыё Свабода — каля 40) пабілі двух студэнтаў універсітэту імя Скарыны. Здарэнне адбылося ў 300 метрах ад аддзялення міліцыі, што ў выніку і выратавала студэнтаў. Жорсткае збіццё спыніла толькі патрульная машына, якая праязджала міма. Некалькіх нападнікаў злавілі адразу, астатніх прывезлі ў пастарунак пазней.

Пазней туркмены прызналіся, што ўпершыню бачылі хлопцаў, на якіх напалі. Яны кажуць, што беларусы іх часта збіваюць, таму яны вырашылі адпомсціць каму-небудзь з мясцовых.

Разборкі працягнуліся праз тыдзень у гарадскім цэнтры культуры. Як паведамляе Еўрарадыё, беларусы запрасілі на павольны танец некалькі туркменак. Гэта вельмі не спадабалася туркменскім хлопцам, і яны пачалі чапляцца да беларусаў. Гэта па версіі беларусаў.

Паводле ж туркменскага боку, нашым хлопцам не спадабалася тое, што туркмены запрасілі на танец беларускіх дзяўчат. Пасля заканчэння дыскатэкі каля інтэрнату БелДУТ прыблізна тры дзясяткі туркменаў пачалі бойку з меншай колькасцю беларускіх юнакоў. Пакуль няясна, хто будзе пакараны за гэта злачынства.

Агулам у Беларусі навучаецца каля 6 тысячаў туркменаў. Гэта найбольшая студэнцкая дыяспара ў краіне. І яна расце штогод. Толькі ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце навучаецца каля 200 туркменаў. Чытайце даследаванне Generation.by Навошта туркменскім студэнтам Беларусь.

Сутычкі паміж замежнікамі і беларусамі здараюцца ў Гомелі даволі рэгулярна. Не так даўно міліцыя ўціхамірвала бойку нібыта з-за дзяўчыны паміж беларускімі грамадзянамі і студэнтамі з Емену, Іярданіі і Палестыны ў забаўляльным цэнтры «Еўропа». А колькі здарэнняў засталося па-за ўвагай медыя?

Цікава, што ні ў міліцыі, ні ва ўніверсітэтах асаблівай увагі частым сутычкам паміж беларусамі і туркменамі надаваць не спяшаюцца. «Мы нічога ня ведаем. У нас адбылася сустрэча з супрацоўнікамі міліцыі — і ўсё. Ніякіх там нападаў ні на кога няма, — кажуць у аддзеле Міжнародных сувязяў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэту.

След скінхэдаў?

Тым часам у Гомелі працягваюцца два гучныя судовыя разбіральніцтвы, звязаныя з забойствам студэнтаў. Па справе смерці студэнта таго самага БелДУТ 19-гадовага Аляксандра фігуруе 19-гадовы прыхільнік скінхэдаў, які раней меў справы з тымі, хто ладзіць бойкі з туркменамі.

Хлопец, якога абвінавачваюць у забойстве студэнта, раней уваходзіў у групоўку «Славянскія прабежкі». Яна прыцягнула яго «антычным культам цела і любоўю да славян». Аднак абвінавачаны сцвярджае, што апошнім часам адышоў ад групоўкі, бо яму «прапанавалі ўжыць сілавое ўздзеянне да выхадцаў з Сярэдняй Азіі», але ён нібыта адмовіўся.

І перайшоў у іншую неадназначную арганізацыю — атрады аховы правапарадку БРСМ. Невядома, ці ўжываў абвінавачаны «сілавое ўздзеянне да выхадцаў» з Туркменістану, але ў адзін з вечароў разам з сябрам ён забіў студэнта БелДУТ.

Іншы сябра руху гомельскіх скінхэдаў цяпер праходзіць як абвінавачаны ў працэсе аб забойстве Наталлі Емельянчыкавай, якой было нанесена 102 нажавых раненні. 22-гадовая Наталля вучылася ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце.

Пакуль ні міліцыя, ні кіраўніцтва ВНУ ніяк не звязвае актыўнасць прыхільнікаў скіндхэдаў і шматлікія сутычкі студэнтаў з туркменскімі навучэнцамі. Аднак адсутнасць рэакцыі ўладаў можа пацягнуць за сабой далейшую крыміналізацыю гораду.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0584 seconds.