На прэстыжныя спэцыяльнасьці жадаюць патрапіць 15 тысяч абітурыентаў

Больш за 15 тысяч чалавек падалі заяўкі на прафэсійна-псыхалягічнае сумоўе. Гэта дасьць шанец патрапіць на адну з прэстыжных і сацыяльна істотных, на погляд Міністэрства адукацыі, спэцыяльнасьцяў: дыплямата, юрыста, журналіста альбо мытніка.

­

Такім чынам, сярэдні конкурс на «дзяржаўнае кіраваньне», «дзяржаўнае кіраваньне і права», «міжнародныя адносіны», «правазнаўства», «міжнароднае права», «эканамічнае права», «журналістыка», «міжнародная журналістыка», «мытная справа» будзе сёлета каля 3 чалавек на месца. Найбольш людзей запісалася на «правазнаўства».

Выбар спэцыяльнасьцяў, на якія трэба прайсьці дадатковае прафэсійна-псыхалягічнае сумоўе, міністар адукацыі патлумачыў на онлайн канфэрэнцыі:

«/…/ Мы праводзілі аналіз, які паказаў, што асаблівыя патрабаваньні трэба прад’яўляць і да правазнаўцаў, людзей, якія мусяць быць гатовымі граматна, адэкватна і аб’ектыўна ацэньваць сытуацыю, рабіць высновы. Альбо, скажам, міжнародныя адносіны. Гэта чалавек будзе рэпрэзэнтаваць нашу краіну на міжнародным узроўні і ягоныя ўчынкі могуць сур’ёзна паўплываць на імідж краіны. Калі казаць пра журналістаў, то іх учынкі таксама могуць прыводзіць да вельмі сур’ёзных палітычных і эканамічных наступстваў».

Свае асабістыя, дзелавыя якасьці, здольнасьці і матывацыю да навучаньня па абранай спэцыяльнасьці абітурыенты будуць дэманстраваць да 30 красавіка адмысловай камісіі з аднаго з прарэктараў альбо дэкану, прафэсараў, дацэнтаў, выкладчыкаў, псыхолягаў, сацыяльных пэдагогаў і іншых супрацоўнікаў ВНУ, а таксама кваліфікаваныя спэцыялісты адпаведных галін эканомікі і сацыяльнай сфэры.

SlaDa 15:28, 01/04/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0564 seconds.