Радзькоў: «Учынкі журналістаў могуць прыводзіць да вельмі сур’ёзных палітычных і эканамічных наступстваў»

Міністар адукацыі растлумачыў сёньня на online-канфэрэнцыі, чаму прафэсія журналіста альбо правазнаўцы больш значная і адказная, чым прафэсія доктара альбо настаўніка. Нягледзячы на тое, што некаторыя адказы Радзькова на аналягічныя пытаньні былі супярэчлівымі, агулам ён адказаў больш чым на 50 пытаньняў на тэму «Выпускнік 2008».

Праўда, на сайце Белта, дзе праводзілася онлайн канфэрэнцыя зь міністрам, апублікаваныя толькі 40 адказаў. Збольшага будучыя студэнты цікавіліся прафэсійным сумоўем на асобныя спэцыяльнасьці, пытаньнямі пражываньня і кошту навучаньня. Але трапляліся арыгінальныя пытаньні, кшталту «ці плянуюцца выпускаць парты для цяжарных» — міністар ня даў наўпростага адказу на гэтае хваляваньне будучай маладой маці.

Самыя адказныя прафэсіі — журналіст, юрыст і міжнароднік

Вельмі слушна гучалі пытаньні, чаму ў сьпіс адмысловых спэцыяльнасьцяў, на якія трэба праходзіць сумоўе, не патрапіла пэдагогіка і мэдыцына:

«Як мне падаецца, адзіныя прафэсіі, для якіх такое сумоўе ня толькі патрэбнае, а нават неабходнае — гэта дактары і настаўнікі. То бок людзі, ад стаўленьня якіх да сваёй прафэсіі наўпрост залежаць нашыя жыцьці /…/», — запытваецца жыхарка Менску.

Міністар адукацыі, аднак, мае сваё бачаньне важнасьці спэцыяльнасьці і яе ўплыву на жыцьці і лёсы:

«/…/ Мы праводзілі аналіз, які паказаў, што асаблівыя патрабаваньні трэба прад’яўляць і да правазнаўцаў, людзей, якія мусяць быць гатовымі граматна, адэкватна і аб’ектыўна ацэньваць сытуацыю, рабіць высновы.

Альбо, скажам, міжнародныя адносіны. Гэта чалавек будзе рэпрэзэнтаваць нашу краіну на міжнародным узроўні і ягоныя ўчынкі могуць сур’ёзна паўплываць на імідж краіны.

Калі казаць пра журналістаў, то іх учынкі таксама могуць прыводзіць да вельмі сур’ёзных палітычных і эканамічных наступстваў».

Пытаньняў па зьмесьце сьпісу адмысловых спэцыяльнасьцяў было некалькі, але адназначнага адказу міністар ня даў: на адно пытаньне ён адказаў, што сьпіс не канчатковы і можа мяняцца, на другое аналягічнае пытаньне адказам было:

«Пакуль што сьпіс мяняцца ня будзе».

На пытаньне, навошта ўвогуле было ўводзіць дадатковае выпрабаваньне на спэцыяльнасьці, на якія і так ня проста патрапіць, міністар патлумачыў:

«У пералік факультэтаў і спэцыяльнасьцяў, якія прымаюць абітурыентаў па сэртыфікатам ЦТ, уваходзіць, прыкладам, журфак. Мы лічым, што абавязкова, разам з тэставаньнем, мусіць быць выпрабаваньне, якое дазваляе выявіць камунікатыўнасьць, дзелавыя якасьці, сацыяльную сталасьць. Апроч таго, на сумоўі камісія змажа параіць, напрыклад, чалавеку, які картавіць, пайсьці не на аўдыёвізуальныя СМІ, а на друкаваныя, альбо на спэцыяльнасьць „рэдактарства“ /…/».

Што тычыцца зьместу гутаркі, Радзькоў запэўніў:

«Пытаньні будуць задавацца не па суме спэцыяльных ведаў, а па матывацыі. Напрыклад, «чаму ты хочаш стаць юрыстам, журналістам альбо мытнікам? /…/»

Адзінага бачаньня зьместу сумоўе, аднак, не існуе. Сёньня намесьніца дэкана Факультэта журналістыкі БДУ Вольга Самусевіч распавяла на сустрэчы з выпускнікамі школ у Берасьці, што:

«Кожны будучы журналіст акрамя публікацый мусіць ведаць, якія існуюць дзіцячыя ці літаратурна мастацкія рэдакцыі. Таксама трэба мець досьвед наконт палітычнай сытуацыі ў сьвеце і ведаць, зь якімі праблемамі зараз сутыкаецца беларускае грамадзтва і дзяржава.»

Дзе жыць і колькі плаціць

Радзькоў паведаміў, што сярэдні кошт года навучаньня ў беларускай ВНУ — 1100 даляраў. Рост аплаты вызначаецца ў парамэтрах інфляцыі — гэта 0,5% штомесяц. Таксама на кошт уплывае рост заробкаў.

Будучыя студэнты хваляваліся за тое, дзе ім жыць: у бягучым навучальным годзе першакурсьнікі сутыкнуліся з сур’ёзным недахопам месцаў у інтэрнатах: жыльлём былі забясьпечаныя толькі 68% іншагародніх студэнтаў. Гэта значыць, што 19 тысяч студэнтаў шукалі жыльлё самастойна. А ў 2006 месцаў у інтэрнатах не хапала 25% першакурснікаў БДУ.

Міністар прызнаў, што гэта «сур’ёзная праблема, асабліва ў сталіцы». Але ніякіх істотных крокаў яе вырашэньня ў гэтым годзе не прагучала: міністар распавёў пра будаўніцтва студэнцкай вёскі і пра базу дадзеных кватэр і пакояў, якая існуе ў БДУ.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0748 seconds.