Адвакаты Цярэнцьева распрацавалі лінію абароны

Суд па справе Савы Цярэнцьева — расейскага блогера, якому паграджае да двух год зьняволеньня за камэнтар у жж — адбудзецца 31 сакавіка. Адвакаты і праваабаронцы прыводзяць доказы незаконнасьці абвінавачваньня і будуць патрабаваць вяртаньня справы ў следчыя органы. Напрыклад, Уладзімір Пуцін прапаноўваў адсякаць варам рукі, але ніхто да суду яго не прыцягваў.

­

 

Учора стала вядомым, што першае судовае паседжаньне па справе Савы Цярэнцьева адбудзецца 31 сакавіка. Гэта першы ў Расеі суд над блогерам за камэнтар у жж. За справай сочаць ня толькі карыстальнікі Сеціва, але і юрысты.

Адвакаты лічаць, што абвінавачваньне блогера ў «распальваньні варожасьці» да сацыяльнай групы — міліцыянтаў, грунтуецца на доказе, атрыманым з грубымі парушэньнямі Крымінальна-працэсуальнага кодэксу РФ. З тае нагоды на першым жа паседжаньні адвакаты будуць выступаць за вяртаньне справы ў сьледчыя органы.

Першае парушэньне: выснова, што Сава распальваў «сацыяльную варожасьць», была зробленая на падставе сацыягуманітарнай экспэртызы, якая была праведзеная за тыдзень да атрыманьня загаду на яе правядзеньне. Экспэртыза праводзілася філёзафам, філёлягам і гісторыкамі. 

Другое парушэньне: сьледчы Сяргей Рамановіч, што распачаў незаконную экспэртызу з парушэньнямі — сын былога міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Комі. Па лёгіцы, ягоны бацька таксама належыць да абражанай сацыяльнай групы, а значыцца Сяргей Рамановіч мае ўскосную зацікаўленасьць у абвінавачваньні Цярэнцьева.

Таксама адвакаты нагадваюць пра правы чалавека, у прыватнасьці, пра Артыкул 10 Эўрапейскай канвэнцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў, што гарантуе права свабодна выражаць сваё меркаваньне.

Праваабаронца Эрнэст Мязак прывёў у прыклад справу «Таргерсан супраць Ісьляндыі», разгледжаную Эўрапейскім судом.

Ісьляндзкі журналіст у двух артыкулах ужыў адносна паліцэйскіх жорсткія выказваньні, кшталту: «дзікія жывёлы ва ўніформе», «ахвяры паліцэйскага сьвінства», «дазваляючы сьвіньням і садыстам даваць волю сваім вычварэнствам» ды іншыя. 

Нацыянальны суд прысудзіў журналісту штраф за абразу паліцэйскіх Рэйк'явіку, але з гэтым не пагадзіўся Эўрапейскі суд па правох чалавека:

«Гэта праўда, што абодва артыкулы напісаныя ў вельмі моцных выразах. Аднак, зважаючы на іх мэты і ўзьдзеяньне, дзеля якога яны пісаліся, Суд прытрымліваецца меркаваньня, што выкарыстаная ў артыкулах мова ня можа расцэньвацца як празьмерная».

Таксама праваабаронца Эрнэст Мязак сьцьвярджае, што выкарыстаная Савай прапанова «сжигать неверных милиционеров» — гіпэрбала, і нагадвае, што папярэдні прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прапаноўваў адсякаць рукі варам.

ЖЖ-карыстальнік _sergey задаецца пытаньнем: Сава рабіў прапановы толькі ў дачыненьні «неверных» міліцыянтаў — калі міліцыянты абразіліся як сацыяльная група, атрымоўваецца, што яны ўсе прызналі сябе «неверными»?

Фота Securitylab.ru

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.06 seconds.