Што яднае старажытных хобітаў з сучаснымі беларусамі?

Яшчэ ў 2004 годзе навукоўцы знайшлі парэшткі «хобітаў», якія жылі 18 тысяч год таму на інданэзійскім востраве Флорэс. Паводле знаходкі жыхары востраву былі ростам у адзін мэтар. Але дагэтуль працягваюцца спрэчкі, ці зьяўляліся хобіты асобным відам людзей ці проста мелі праблемы са здароўем. Новыя дасьледваньні сьцьвярджаюць, што жыхары Флорэсу хварэлі на карлікавасьць з-за кепскага харчаваньня. Але і па гэтай вэрсіі працягваюцца спрэчкі.

Да высноваў пра карлікавасьць з-за харчаваньня прыйшлі нядаўна навукоўцы з Школы прыкладных навук пры Каралеўскім тэхналягічным унівэрсытэце ў Мэльбурне.

Незвычайная знаходка не дае спакою розным групам навукоўцаў, бо вынікі дасьледваньняў могуць цалкам зьмяніць уяўленьне пра тэорыю разьвіцьця сучаснага чалавека. Асноўная спрэчка вядзецца з-за высьвятленьня прычынаў такога маленькага росту жыхароў Флорэсу. Хобітамі гэтых старажытных людзей празвалі праз творчасьць Толкіена.


Homo floresiensis альбо Хобіт з Флорэсу ў параўнаньні з сучасным чалавекам. Малюнак выкананы паводле дадзеных National Geographic Society. Выява: Bradshaw Foundation

Навукоўцы мяркуюць, што гэтыя homo floresiensis (навуковая назва хобітаў) пайшлі ад homo erectus, якія маглі засяліць Флорэс мільён год таму. Варта адзначыць, што на гэтым востраве многія жывёлы былі невялікіх памераў, у тым ліку сланы. Ва ўмовах ізаляцыі homo erectus разьвіліся ў вельмі незвычайны выгляд: людзі мелі непрапарцыйна доўгія рукі і галаву памерам у невялікі грэйпфрут. Ня выключана, што большасьць часу яны праводзілі на дрэвах, хаваючыся ад гіганцкіх яшчараў Камода, якіх тады было поўна на востраве. Харчавацца «хобіты» маглі сухапутнымі чарапахамі і карлікавымі сланамі.

У 2006 годзе амэрыканскі навукоўца Робэрт Марцін выклаў вэрсію, што знойдзеныя парэшткі належаць Каменнаму веку. На ягоную думку, старажытны маленькі чалавек пакутаваў на мікрацэфалію — хваробу, якая тармозіць разьвіцьцё галаўнога мозгу.

Але ўжо ў 2007 годзе міжнародная каманда навукоўцаў «апраўдала» хобіта. Кампутаровыя дасьледваньні паказалі, што мозг інданэзійскага маленькага чалавека нашмат бліжэй па пабудове да мозгу нармалёвага чалавека.

Цяпер аўстралійскія навукоўцы мяркуюць, што «хобіты» — гэта звычайныя людзі, якія з-за недахопу ёду хварэлі на карлікавасьць. Дзеля такіх высноваў навукоўцы вывучалі выявы чэрапу знойдзенага чалавека і параўноўвалі з музэйнымі экспанатамі — чэрапамі людзей, якія хварэлі ад нараджэньня на гіпатэрыоз (захворваньне шчытападобнай залозы). Апынулася вельмі шмат агульнага.

«...достаточно одной щепотки, чтобы быть здоровым, очень сильным и очень умным...»

На шчасьце, у зьнешнім выглядзе ў сучасных беларусаў мала агульнага з хобітамі. Аднак пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС хвароба шчытападобнай залозы стала вельмі распаўсюджанай у нашай краіне, хоць пакуль на росьце жыхароў Беларусі гэта не адбілася. Тым ня менш, нават самым адданым фанатам творчасьці Толкіена варта быць асьцярожнымі і на ўсялякі выпадак кіравацца сацыяльнай рэклямай, якая раіць ужываць штодня ёдаваную соль.

tarka 18:40, 06/03/2008 | Артыкулы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0048 seconds.