Глябальная барацьба з мовай глябалізацыі

Ангельская мова ёсьць сродкам камунікацыяў 2 мільярдаў людзей — і ў той жа час, пагрозай самабытнасьці іншых моваў. Змагацца з гэтым працэсам усё складаней, асабліва пад уплывам глябалізацыі і Інтэрнэту. Мы тэлефануем фрэндам, скардзімся на манагераў і сыс-адмінаў. Пішам мэйлы і чацімся, расшарваем і пампуем. Чакаем сэйлаў і ходзім на паці. Як змагаюцца з нашэсьцем ангельскіх словаў у розных краінах?

«Размаўляй па-гішпанску! Размаўляй з гонарам!»

Уга Чавэс абвясьціў чарговую барацьбу — гэтым разам, ангельскай мове. Ня толькі са штодзённых, але і з дзелавых і тэхнічных камунікацыяў мусяць зьнікнуць запазычаныя словы.

«Жыхары мусяць ужываць гішпанскія словы, якія знаходзяцца пад пагрозаю з боку структур, якія разгарнулі вайну за культурны прыгнёт нашага народу», — заклікае ў сваёй заяве міністэрства інфармацыі Вэнэсуэлы.

Вайна пачалася з тэлефонных кампаніяў: супрацоўнікам «параілі» выключыць ужываньне замежных словаў. Кіраўніцтва нядаўна нацыяналізаванага тэлеканалу CANTV спадзяецца, «адвучыць» сваіх супрацоўнікаў ад выкарыстаньня розных там «стафаў», «маркетынгаў» і «пасвордаў», замяніўшы іх гішпанскімі «equipo», «mercadeo» і «contrasena».

У краіне ўжо выдадзены наклад налепак, постэраў і значыкаў: «Размаўляй па-гішпанску! Размаўляй з гонарам!».

Больш ніякіх «сэйлаў» у Калінінградзе

Калініград заўсёды знаходзіўся пад уплывам заходняй культуры, у тым ліку — і розных моваў. Асабліва шмат у горадзе шыльдаў на нямецкай і ангельскай. Таму ўлады Калінінграда вырашылі змагацца за чысьціню расейскай мовы. Так, у Кодэксе Калініградзкай вобласьці аб адміністратыўных правапарушэньнях ёсьць артыкул (№ 47), якім абараняецца руская мова. Паводле яго, надпісы на стэндах, таблічках і шчытах на ўваходах у памяшканьні і будынкі мусяць быць на расейскай мове.

Летам мінулага году была ўзбуджаная справа супраць гаспадыні крамы з назовам «Neo». Але нягледзячы на пагрозу штрафу, шыльды на замежных мовах з вуліц гораду ня зьніклі. Больш таго, з набліжэньнем вясны вітрыны крамаў застракаталі заманлівымі «Sale%». Таму было вырашаным узмацніць барацьбу — і часьцей караць непатрыятычных прадпрымальнікаў.

Denglish

Немцы сур’ёзна занепакоеныя тым, што іх мова пераўтвараецца з Deutsch у Denglish (Deutsch + English) — сумесь з ангельскай.

Denglish таксама называюць рэклямнаю моваю, бо яна хутка прыжылася ў сьвеце слоганаў і абвестак. Усё больш кампаніяў, асабліва міжнародных альбо транснацыянальных, пачалі аддаваць перавагу ангельскай мове альбо сумесі ангельскай зь нямецкай у рэкляме сваёй прадукцыі.

Гэта выклікала хвалю грамадзкай дыскусіі. Denglish называлі недарэчнаю і бязглудаю моваю. Нягледзячы на тое, што немцы добра валодаюць ангельскай, часта ўзьнікалі канфузы. Нарэшце, кампаніі сталі «моўнаадказнымі» — і пачалі замяняць свае ангельскія слоганы на нямецкія, якія хай сабе і не гучалі так модна і гіпава, але былі бліжэй да нямецкага спажыўца. Напрыклад «Ich liebe es» замяніла сусьветна вядомы слоган McDonald’s «I’m lovin' it».

Рэгулярна праводзяцца конкурсы на замену ангельскіх тэрмінаў нямецкімі. Напрыклад, усёй краінаю шукалі нямецкі аналяг слову «mobbing». Упартасьці немцаў ва ўжываньні сваіх тэрмінаў можна пазайздросьціць.

Le business

Але сапраўднымі «моўнымі» патрыётамі зьяўляюцца французы. Апошнім часам барацьба за францускую мову перакінулася і на самую глябалізаваную сфэру — на бізнэс.

Асабліва заўзята змагаўся за францускую мову папярэдні рэзыдэнт Жак Шырак, які сьцьвярджаў, што французы мусяць грудзьмі стаць на абарону сваёй мовы, захаваць яе культуру, значэньне і распаўсюджанасьць у сьвеце.

Францускія прафсаюзы і аб’яднаньні аховы францускай мовы згуртаваліся дзеля змаганьня з наступленьнем ангельскай мовы на рынак працы. У сваёй барацьбе яны дайшлі нават да парлямэнту Рэспублікі, з трыбуны якога запатрабавалі абараніць права працоўных карыстацца толькі францускай моваю на сваіх працоўных месцах.

Па меркаваньні створанага «Новага Руху Супраціву», у сучаснай Францыі супрацоўнік, які не размаўляе па-ангельску, знаходзіцца ў загадзя пройгрышным стане. Больш таго, у шмат якіх францускіх кампаніях начальнікі перапісваюцца з падначаленымі па-ангельску.

Але нягледзячы на ўсе змаганьні на гэтым і іншых франтах, у францускую мову ўсё ж прабраліся — і моцна замацаваліся — розныя le news, le fax, les people. Барацьба супраць le business зразумелая — каля 7% кампаній Францыі выкарыстоўвае ангельскую мову ў якасьці працоўнай.

Іншага погляду на ролю ангельскай мовы ў разьвіцьці эканомікі прытрымліваецца Эстонія. Мэрыя Таліна выступіла зь ініцыятывай зрабіць ангельскую другой афіцыйнай моваю гораду, каб такім чынам павысіць прыцягальнасьць для замежных інвэстараў.

Моўная канкурэнцыя

Мовы змагаліся адна з адной спрадвеку. Да XVI–XVII ст. аснову канкурэнцыі складала багацьце пісьмовых ведаў. У XVIII — пачатку XX ст. — моц асваеньня капіталам розных тэрыторый. У ХХ стагодзьдзі перамагаць сталі мовы ўнівэрсальнага сэнсу.  У сёньняшняй барацьбе, хутчэй за ўсё, выйграе ангельская мова — яна стане моваю-лідэрам.

Але і сама ангельская мова, па меркаваньні многіх, псуецца. Наконт непазьбежнасьці гэтага працэсу выказаўся ў свой час Джордж Оруэл:

«Любая барацьба супраць некарэктнага ўжываньня мовы — усяго толькі даніна сэнтымэнтальнаму кансэрватызму, падобна таму, як некаторыя дагэтуль аддаюць перавагу сьвечкам, а не электрычнаму сьвятлу. Пад гэтым хаваецца напаўбесьсьвядомая вера ў тое, што мова — гэта проста частка прыроды, а не інструмант, які фармуецца і выкарыстоўваецца чалавекам для рэалізацыі сваіх мэтаў.»

У сытуацыі зь беларускай моваю, ангельская хутчэй у дапамогу. Паколькі беларуская мова доўгі час знаходзілася ў ізаляванасьці ад важных эканамічных і палітычных працэсаў, то пэўныя, вельмі патрэбныя, тэрміны і паняткі ў ёй адсутнічаюць. Выкарыстаньне ангельскіх, а не расейскіх, словаў робіць мову больш самастойнай, інтэграванай і прыстасаванай.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0621 seconds.