Суд зьмяніў рашэньне: Зьміцер Жалезьнічэнка застаецца ў войску

«Суд пусьціў каня перад возам», - лічыць праваабаронца Гары Паганяйла. Учора маці Зьмітра Жалезьнічэнкі было адмоўлена ў скарзе на дзеяньні прызыўной камісіі. Таксама чарговым рашэньнем суда быў адменены загад ад першага лютага, па якім прыпынялася рашэньне аб прызыве Зьмітра ў войска. Такім чынам, пакуль Зьміцер застаецца служыць.

 

Учора, 14 лютага, мусіла адбыцца сустрэча бакоў па скарзе аб незаконным прызыве ў войска Зьмітра Жалезьнічэнкі, пададзеная ягонай маці. Аднак, толькі прыбыўшы ў суд, Ала Жалезьнічэнка даведалася, што гэта не сустрэча бакоў, а судовае паседжаньне. Бок Жалезьнічэнкі да такога падрыхтаваным ня быў. З супрацьлеглага боку выступілі два сьведкі — і суд прызнаў прызыў законным.

Таксама маці Зьмітра даведалася, што 8 лютага было падпісана чарговае рашэньне суда, якім было скасаванае папярэдняе — аб адмене рашэньня аб прызыве.

Такім чынам атрымоўваецца, што 1 лютага падпісваецца загад аб прыпыненьні рашэньня аб прызыве на вайсковую службу. Аб гэтым сям’і і адвакатам Зьмітра паведамляюць толькі 8 лютага, у судзе на сустрэчы бакоў па справе аб незаконным паўторным адлічэньні. Увесь дзень 8 лютага маці Зьмітра і праваабаронцы намагаюцца выкананьня гэтага загада вайсковым кіраўніцтвам. Адпаведна гэтаму загаду, ужо 1 лютага Зьміцер мусіў быць дома.

Аднак адпускаць Зьмітра адмаўляюцца, спасылаючыся на тое, што прызыўнае кампанія скончылася за дзень да таго, як быў падпісаны загад аб прыпыненьні рашэньня аб прызыве на вайсковую службу.

І толькі 14 лютага становіцца вядомым, што у той жа дзень, 8 лютага, быў падпісаны чарговы загад, згодна якому Зьміцер застаецца ў войску.

Гары Паганяйла (Беларускі Хэльсінскі Камітэт) даў для Generation.by юрыдычную ацэнку сытуацыі:

«Сёньня мне паведамілі, што ўчора была адхіленая скарга маці Зьмітра аб незаконнасьці дзеяньняў прызыўной камісіі. Суд пасьпяшаўся яўна. Ім было вядома, што маці паралельна падала скаргу і аб незаконнасьці адлічэньня. Таму рашэньне па справе аб прызыву не магло быць прынятым без выніку па другой справе — аб адлічэньні. Таму што ад таго, адновяць яго ці не і залежыць рашэньне па справе аб прызыву».

Нягледзячы на тое, што ў судовых працэсах па справе Зьмітра Жалезьнічэнка ўжо лёгка заблытацца, ні ягоная сям’я, ні адвакаты не зьбіраюцца здавацца і будуць працягваць судовыя абскаржваньні. Гары Паганяйла запэўніў, што Зьмітру аказваецца кваліфікаваная юрыдычная дапамога, аднак судовыя рашэньні прымаюцца не ў межах закону.

«Гэта сытуацыя мяне, як праваабаронцу і юрыста, вельмі насьцярожвае. Я не выключаю, што і ўлады, і падпарадкаваныя ім суды пайшлі напралом. Дзейнічаюць яны яўна не ў рамках закону. Яны хочуць зламаць лёс гэтага хлопца, паказаўшы на ягоным прыкладзе, што будзе з актывістамі, якія не ўзгадняюць свой удзел у розных акцыях з дзеючай уладаю», — па меркаваньні праваабаронцы, у гэтай сытуацыі Зьмітру можа дапамагчы шырокая грамадзкая падтрымка.

Жалезьнічэнку можна наведваць па выходных, але ягоная маці паведаміла, што ў частцы зараз каранцін, таму на гэтыя выходныя патрапіць да яго будзе немагчыма.

Нагадваем адрэсу вайсковай часткі: 247210 Гомельская вобласьць, г. Жлобін, вул. Ленінградзкая 2, частка 83469, 3-я рота.

Фота Моладзь БНФ

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0564 seconds.