«Аnimal ДжаZ» у Менску 21 лютага!

Супярэчнасьці, якія гарманічна ўжываюцца ў музыцы новых «інтэлектуалаў» піцерскага року, адносна нядаўна адкрыліся беларускім мэляманам. Хаця за сваё больш чым сямігадовае існаваньне «Аnimal ДжаZ» выпусьціў 7 альбомаў, неверагодна прыцягальных сваёй неаднароднасьцю і няўлоўнасьцю. Перад тым, як закахацца ў гэты расейскі гурт на канцэрце ў менскім «Рэактары», прапануем сьпярша зь ім пазнаёміцца.

­

 

«Аnimal ДжаZ» — гэта музыка, на якую «падсаджваесься». Не скажу дакладна, што менавіта прыцягвае хлопцаў, але зь дзяўчатамі ўсё ясна: сэксуальны вакал, рамантычныя тэксты, рокавая цяжкасьць і джазавая непрадказальнасьць. Да таго ж дарослы вакаліст, які ўсё яшчэ па-юнацку экспэрымэнтуе і шукае.

Як гэта бывае, за гурт кажа яго назоў: у дадзеным выпадку, у ім — спляценьне двух супрацьлеглых пачаткаў. Аnimal — гэта прырода, натуральны пачатак, парадак. Джаз — вэрхал, імправізацыя і пошук. У гэтым, магчыма, і заключаецца магнэтызм «Аnimal ДжаZ» — у немагчымасьці дайсьці да канца, ахапіць цалкам. Прычынаю таму — супярэчлівасьць натуры галоўнай дзеючай асобы — вакаліста Аляксандра «Міхалыча» Красавіцкага.

 

Вельмі рана ў хлопчыка Сашы адкрыўся талент — амаль абсалютны слых. З трох год ён сьпяваў у хоры — гэты было тое, што яму сапраўды падабалася. Але пасьля школы музычным шляхам Аляксандр не пайшоў — паглыбіўся ў навуку.

Чырвоны дыплём, асьпірантура, кандыдацкая па сацыялёгіі, выкладаньне ва ўнівэрсытэце… А потым так — бах! — і зразумеў Аляксандр Красавіцкі, што сем год займаўся ну не зусім тым, чаго прагнула ягоная душа.

А паколькі гадоў яму было 27, у музыку ён прыйшоў як «Міхалыч» — самы старэйшы ў гурце, ён, аднак, называе сябе «позьнім дзіцём», бо ў даволі сталым узросьце пачаў — і працягвае — адкрываць для сябе тыя рэчы, якімі жывуць падлеткі. Верагодна, менавіта такое сумяшчэньне даросласьці і юнацтва і зрабіла Міхалыча сэкс-сымбалем:)

Пры тым, што «Аnimal ДжаZ» марыць зарабляць на жыцьцё выключна музыкай, на саступкі дзеля ратацыяў яны ня йдуць. Таму ўвесь час на мяжы фармату і нефармату.

У гурце зараз сем чалавек, усе — значна маладзейшыя за вакаліста, знойдзенныя, па словах Міхалыча, у сутарэньнях.

Увогуле Міхалыч вельмі цёпла ставіцца да маладых камандаў, стараецца ім дапамагаць. Дапамога тая пачыналася з журналісцкіх аглядаў і рэцэнзіяў. У Красавіцкага ёсьць прысьвечаны музычнай моладзі сайт SpbClub. Не апошні чалавек ён і ў музычным часопісе FUZZ — намесьнік рэдактара.

Апроч уласных кампазыцыяў у арсэнале «Аnimal ДжаZ» шэраг кавэраў, а таксама саўндтрэкі да нечакана сур’ёзнага для моладзевага фільму «Графіці» (рэжысэр — Ігар Апасян).

Выступіць перад «Аnimal ДжаZ» так, каб не згубіцца на іх тле, ня так і проста. Наваполацкі «Фляўс і Кляйн» пасрэдным дакладна не назавеш. Галоўнае, каб ад такой падвоенай энэргетыкі ў «Рэактары» ня вылецелі коркі:) Сам «Аnimal ДжаZ» таксама ня раз адкрываў выступы іншых гуртоў: Rollins Band, Garbage, Clawfinger, Rasmus.

21 лютага, чацьвер, 18.00
Клюб «Рэактар»
Набыць квіткі можна ў краме «Падземка»
Кошт папярэдні: 23-25 тыс., у дзень канцэрту: 30-35 тыс. бел. рублёў.
Тэлефон для даведак: (029) 565-7298, (029) 687-2703

22 лютага: Магілёў, клюб «Ліга»

23 лютага: Віцебск, КЗ «Віцебск»

­

Фота з сайту гурта­

­
SlaDa 22:30, 12/02/2008 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0595 seconds.