Зьмітра Жалезьнічэнку не адпускаюць з войска, але ён адмовіўся прымаць прысягу

Усе намаганьні маці Зьмітра Алы Жалезьнічэнкі, адвакатаў і праваабаронцаў дамагчыся выкананьня рашэньня аб прыпыненьні прызыву ў войска Зьмітра на дадзены момант плёну не далі - дахаты яго не адпусьцілі. Вайскоўцы спасылаюцца на тое, што рашэньне прынятае 1 лютага, а прызыўная камісія завершылася 31 студзеня. 9 лютага Зьміцер Жалезьнічэнка адмовіўся прымаць прысягу. ­

 

Спадарыня Ала разам з адвакатамі і праваабаронцамі падалі чарговую скаргу на ўзбуджэньне крымінальнай справы ў адносінах службовых асобаў ваеннага камісарыята і воінскай частцы № 83469 па прыкметам злачынства, прадугледжанага артыкулам 423 Крымінальнага кодэксу РБ «Невыкананьне службовай асобай прысуду, які набыў законную моц, рашэньня або іншага судовага акту альбо перашкода іх выканьню».

Як паведаміў Generation.by намесьнік старшыні Беларускага Хэльсінскага Камітэту Алег Гулак, знаходжаньне Зьмітра ў войску незаконнае і рашэньне суда мусіць быць выкананым незалежна ад таго, калі скончылася прызыўная кампанія.

Спадар Гулак таксама учора паведаміў, што прымаць прысягу Жалезнічэнка не абавязаны. Але нават калі Зьміцер і прыме яе, рашэньне суда ўсё роўна мусіць быць выкананым.

Сёньня 9 лютага навабранцы вайсковай часткі, дзе служыць адлічаны з унівэрсытэта студэнт-выдатнік, прымалі прысягу. Жалезьнічэнка адмовіўся ад прысягі – прылюдна і гучна, з поклічам: “Жыве Беларусь!”.

Зьміцер Жалезьнічэнка патлумачыў радыё Свабода:

«Я адмовіўся прымаць вайсковую прысягу. Яна як бы даецца на вернасьць народу, але, я лічу, што па сутнасьці гэта не так. Гэта прысяга на тое, што чалавек будзе рабіць менавіта тое, што яму загадаюць камандзіры, начальнікі й гэтак далей. Я свайму народу верны і гэтага не хаваю. Натуральна, калі мяне адновяць ва ўнівэрсытэце і дадуць давучыцца, а пасьля нармальна забяруць у войска, я вайсковую прысягу прыму. Але, канешне, не цяпер».

Фота Моладзь БНФ­

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0572 seconds.