Стыпэндыя ў 5 тысяч эўра ад Google: толькі для дзяўчат

Эўрапейская стыпэндыя Google імя Аніты Борг ставіць мэтаю падтрымаць імпэт жанчын у сфэры тэхналёгій, даць ім магчымасьць далейшага разьвіцьця і абмену досьведам. У мінулым годзе 12 стыпэндыятак, сярод іх і беларуска, атрымалі па 5000 эўра і 19 — па тысячы. Усе наведалі офіс кампаніі ў Цюрыху. Прыём заявак на 2008 — да 18 лютага.

­­

 

Google выдзяляе адразу некалькі стыпэндыяў. Стыпэндыяткі, абраныя зь фіналістак атрымаюць 5 тысяч эўра, астатнія фіналісткі — па тысячы эўра. У чэрвені 2008 усе фіналісткі будуць запрошаныя ў Цюрых, у Эўрапейскі цэнтар Google, дзе іх чакаюць лекцыі, сэмінары, канфэрэнцыі, а галоўнае — магчымасьць сустрэцца і абмяняцца досьведам.

У мінулым годзе студэнтка факультэта радыёфізыкі і электронікі БДУ Кацярына Макарава апынулася ў ліку 12 стыпэндыятак The Google Europe Anita Borg Memorial Scholarship 2007 і атрымала ад эўрапейскай філіі карпарацыі Google 5.000 эўра ў якасьці заахвочаньня за сваю навуковую і грамадзкую дзейнасьць і выдатную вучобу.

Хто?

  • Студэнткі тэхнічнага профілю, якія ў 2008–2009 навучальным годзе будуць на апошнім курсе бакаляўрыяту, або вучыцца ў магістратуры ці асьпірантуры;
  • Студэнткі эўрапейскага ўнівэрсытэту (для Google Беларусь ёсьць эўрапейскай краінай:) Прымаюцца заявы ад грамадзянак, рэзыдэнтак і замежных студэнтак;
  • Выдатніцы і актывісткі.

Як?

Да 18 лютага трэба даслаць электроннай поштай дадзеныя, запатрабаваныя на сайце Стыпэндыі, а таксама падрыхтаваць усе неабходныя дакумэнты на ангельскай мове.

Фіналістак вызначаць у красавіку 2008. Апошнім крокам будзе тэлефоннае сумоўе з прадстаўнікамі адборачнага камітэту. Зь фіналістаў будуць абраныя стыпэндыяткі.

Стыпэндыя

­

Аніта Борг прысьвяціла сваё жыцьцё зьмене нашых уяўленьняў пра тэхналёгіі і пра месца жанчыны ў тэхналягічным прагрэсе. Яна была шчыра ўпэўненая, што тэхналёгіі ўплываюць на ўсе сфэры нашага жыцьця: на эканоміку і палітыку, адукацыю і побыт. Аніта сьцьвярджала, што гэты ўплыў мусіць быць станоўчым. Гэта натхніла яе на заснаваньне ў 1997 Інстытуты жанчын і тэхналёгій. Нават пасьля ейнай сьмерці ў 2003 арганізацыя працягвае існаваньне і носіць ейнае імя.

Досьвед Аніты Борг натхняе вялікую колькасьць жанчын на актыўны ўдзел у тэхналягічным прагрэсе.

У падтрымку такога падыходу Google заснаваў Стыпэндыю імя Аніты Борг. Праз гэта кампанія імкнецца заахвоціць жанчын на большыя дасягненьні ў тэхналягічнай сфэры, на актывізацыю іхняй ролі.

­­­
SlaDa 14:54, 15/01/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1394 seconds.