Metallica прэзэнтуе новую песьню ў кампутаровай гульні
Прэм'ера сінгла з новага студыйнага альбома культавага гурта Metallica можа адбыцца ў кампутаровай гульні Rock Band. Зараз паміж вытворцам гульні кампаніяй Harmonix і MTV праходзяць перамовы аб магчымасьці ўключэньня ў гульню песьні Metallica.
У папулярнай гульні Rock Band, якая зьявілася ў крамах ЗША ў пачатку лістапада, ўжо прадстаўленыя вядомыя трэкі гуртоў The Rolling Stones, Fall Out Boy, Radiohead, Nirvana і інш.
«Metallica зарэзэрвавала права на перадачу нам для выкарыстаньня ў Rock Band сінгла зь іх новага студыйнага альбома», — паведаміў
віцэ-прэзыдэнт галаўнога офіса кампаніі MTV Paul DeGooyer.
Паводле яго словаў, новая песьня Metallica і творы некаторых іншых камандаў зьявяцца ў абнаўленьнях гульні.
Назва песьні зь дзевятага альбома гурта, над якім зараз яшчэ працягваецца праца ў студыі, не паведамляецца.
Гульня Rock Band створаная пры супрацоўніцтве выдавецтва Electronic Arts з тэлеканалам MTV і кампаніяй Harmonix Music Systems, якой таксама належыць распрацоўка адной з самых папулярных музычных гульняў Guitar Hero.