Каму будуць кампэнсаваць выдаткі на праезд?

На Беларусі плянуецца павялічыць матэрыяльную падтрымку студэнтаў для кампэнсацыі выдаткаў на праезд. Але пакуль гэта выглядае як спроба перадухіліць нэгатыўную рэакцыю перад скасаваньнем ільгот. Па сутнасьці, магчымае павышэньне стыпэндыяў і долі матэрыяльнай дапамогі праблемы не вырашае.

 

Пра тое заявіў сёньня віцэ-прэм’ер Беларусі Аляксандр Касінец на сумесным паседжаньні дзьвюх палат парлямэнту, паведамляе БЕЛТА.

Ён адзначыў, што ўвесь стыпендыяльны фонд Беларусі складае 248 мільярдаў беларускіх рублёў, зь іх 94,5% накіроўваюцца на абавязковыя выплаты, 4% — на матывацыю навучаньня, 1,5% або 3,8 мільярды — на матэрыяльную падтрымку.

Плянуецца павялічыць долю матэрыяльнай падтрымкі да 4 адсоткаў.

«Разглядаецца магчымасьць кампэнсацыі бясплатнага праезда для пэўных катэгорыяў студэнтаў», — сказаў Касінец.

Зараз разьлічваецца, якая колькасьць студэнтаў мае патрэбу ў такой кампэнсацыі.

Цікава было б даведацца, якім чынам будуць вызначацца такія студэнты і чаму праблема аплаты праезду разглядаецца толькі з пункту гледжаньня студэнтаў-бюджэтнікаў — да таго ж прэзыдэнт даручыў разгледзіць пытаньне аб павышэньні стыпэндыі. То бок, у бюджэтнікаў будуць расьці стыпэндыі і такім чынам скасаваньне ільгот як-неяк кампэнсуецца, а ў платнікаў удвая ўзрастуць выдаткі на праезд, да таго ж падымецца плата за навучаньне.

Паколькі месцаў у інтэрнатах не хапае, дый умовы там не заўсёды адпавядаюць, студэнты здымаюць кватэры. Добра, калі атрымаецца пасяліцца бліжэй да сваёй навучальнай установы. Калі не, студэнты абіраюць варыянт патаньней — і здымаюць кватэры на ўскраінах. Натуральна, даезд на заняткі вымагае часу і грошаў.

Разьмяшчэньне некаторых навучальных будынкаў вельмі нязручнае. Часам трэба рабіць, напрыклад, дзьве перасадкі. Калі адменяць ільготы, на дзень будзе выходзіць 3600 рублёў, за месяц — 86400. А студэнты ня толькі на заняткі езьдзяць.

­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0597 seconds.