Што чакае абітурыентаў 2008?

У наступным годзе правілы прыёму ў ВНУ і ССНУ могуць быць істотна зьмененыя. Новыя правілы яшчэ не прынятыя, але Міністэрства адукацыі ўжо падзялілася некаторымі плянамі: ад павышэньня платы за навучаньне да неабходнасьці рэкамэндацыяў ад выканаўчых камітэтаў для паступленьня на шэраг спэцыяльнасьцяў.

­

 

А пачыналася ўсё добра: кіраўнік упраўленьня вышэйшай і сярэдняй спэцыяльнай адукацыі Мінадукацыі Юрый Міксюк заявіў, што «Беларусь накіраваная на ўдзел у Балоньскім працэсе». Але радавацца было рана — ў Міністэрстве адукацыі словы чыноўніка не разглядаюць як афіцыйную пазыцыю Міністэрства. Накіроўвалася Беларусь на ўдзел у Балоньскім працэсе толькі два-тры дні: навіну са словамі Міксюка прыбралі з сайту БЕЛТА. 

Ды хай бы ўжо і не было падставы радавацца — могуць узьнікнуць прычыны сумаваць, бо правілы прыёму ў ВНУ і ССНУ на 2008 могуць быць істотна зьмененыя.

Па-першае, пакуль ня ясна, як адаб’ецца на сыстэме адукацыі абраньне міністра адукацыі Аляксандра Радзькова старшынём РГА «Белая Русь».

«Аляксандр Радзькоў як міністар ажыцьцяўляе галоўнае — палітыку дзяржавы ў сфэры адукацыі, і па ўсіх сваіх чалавечых і прафэсійных якасьцях ён здольны стаць лідэрам аб’яднаньня. Гэта граматны чалавек, які думае, які накіраваны ў будучыню і адначасова зараз вырашае рэальныя, нават бытавыя, пытаньні, у тым ліку і моладзі,» — запэўніў старшыня Сталай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Мікалай Чэргінец.

Асабліва відавочным бачыцца вырашэньне фінансавых праблемаў моладзі.

Радзькоў запэўніў, што школьнікі здольныя паступіць у ВНУ і ССНУ без дапамогі рэпэтытараў. А гэта ж якая эканомія! Добры выкладчык з мэтавай навучальнай установы пад гарантыю залічэньня, за кошт высакаякаснай падрыхтоўкі, натуральна, возьме ня меней 20 даляраў за гадзіну.

Апынулася, што гэта бацькі самі такія дурныя — столькі грошаў выкладваць, калі «ў школах рэспублікі працуюць высокапрафэсійныя настаўнікі, у наяўнасьці неабходная матэрыяльна-тэхнічная база».

Міністар таксама дадаў:

«Тэставыя мэтодыкі дапамагаюць вылучыць найбольш падрыхтаваных да працягу адукацыі абітурыентаў і могуць быць складанымі для нейкага канкрэтнага чалавека, але не для кожнага.»

Таму, верагодна, і вырашылі ў Міністэрстве адукацыі ўвесьці плату за тэставаньне — 10 тысяч за адзін тэст — каб тыя «канкрэтныя чалавекі» для каго тэставыя мэтодыкі складаныя, не марнавалі час і сілы тых, хто гэтыя тэсты будзе правяраць.

Аляксандр Радзькоў адзначыў таксама, што гэта будзе спрыяць большай адказнасьці абітурыентаў — 10% тых, хто падаў заяву, так і не прыходзяць на тэст.

Але не сьпяшайцеся радавацца — зэканомленыя на рэпэтытарах грошы не давядзецца патраціць на адпачынак для стаміўшыся за ўступную кампанію абітурыентаў (калі пашанцуе — студэнтаў). 

«Насьпела неабходнасьць падняць плату за навучаньне ў ВНУ», — заявіў першы намесьнік міністра адукацыі Аляксандр Жук.

Гэтыя неверагодныя сумы, якія невядома адкуль бяруць студэнты на аплату сваёй адукацыі — яшчэ далёка ня столь, а толькі 58% выдаткаў дзяржавы на адукацыю новай генэрацыі.

Па меркаваньні Жука, гэта вядзе да сытуацыі, «калі абітурыент прайшоў па конкурсе на адну спэцыяльнасьць на бюджэтнай аснове, але потым адмовіўся і перавёўся на больш прэстыжную спэцыяльнасьць на ўмовах аплаты».

Каб беларускія школьнікі не імкнуліся на прэстыжныя спэцыяльнасьці і не цягнулі з бацькоў грошы на рэпэтытараў, у Міністэрстве адукацыі ўзьнікла яшчэ адна цудоўная ідэя, якую па тэлефоне агучыў карэспандэнту Эўрапейскага радыё старшыня камісіі па адукацыі Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч.

«У конкурсе на атрыманьне вышэйшай адукацыі па спэцыяльнасьцях, па якіх прад’яўляюцца асаблівыя патрабаваньні: дзяржаўнае кіраваньне, дзяржаўнае кіраваньне і права, дзяржаўнае кіраваньне і эканоміка, міжнародныя адносіны, міжнароднае права, правазнаўства, эканамічнае права, журналістыка, міжнародная журналістыка, мытная справа, — маюць права ўдзельнічаць асобы, якія прайшлі профарыентаванае сумоўе ў выканаўчых камітэтах базавага ўзроўню або мясцовых адміністрацый па месцы навучаньня (працы) або жыхарства і атрымалі рэкамэндацыі для паступленьня ў ВНУ па выбранай спэцыяльнасьці.»

Зарэкамэндаваць сябе трэба будзе да 30 сакавіка. Таму, калі раптам чалавеку і захочацца на прэстыжную спэцыяльнасьць, памяняць сваё рашэньне не атрымаецца.

Аднак гэтыя правілы яшчэ не зацьверджаныя.

Дарэчы, каб яшчэ болей адбіць жаданьне паступаць на прэстыжныя спэцыяльнасьці, Міністэрства адукацыі вырашыла ўжываць ня толькі кнут, але і пернік: плянуецца падтрымаць абітурыентаў, якія паступаюць на спэцыяльнасьці сельскагаспадарчага ­профілю.

Зараз ім можна будзе мець адзнакі не ніжэй пяці (раней было — шасьці). Цалкам дасягальна нават без рэпэтытараў.

І яшчэ вернемся да пытаньняў фінансавых. На сустрэчы са студэнтамі магілёўскіх ВНУ,  Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што рашэньне адносна ільгот студэнтаў на праезд мусіць быць прынятым да сярэдзіны сьнежня. Але будучым студэнтам варта задумацца над гэтым артыкулам выдаткаў ужо зараз, бо прэзыдэнт лічыць, што ўнівэрсытэты самі мусяць разьмяркоўваць грошы на праезд:

«Мы маглі б падняць узровень стыпэндыяў, але гэта ня здыме пытаньня, бо студэнты могуць патраціць грошы не на праезд.»

Нічога, што ў нас больш за 60 тысяч платнікаў? Як зь імі будзе вырашацца пытаньне? Дый яшчэ на тле няспыннага росту кошту адукацыі, недахопу месцаў у інтэрнатах, павышэньні платы за кватэры?

Адзін шлях — на завочнае навучаньне. 22 лістапада Аляксандр Жук адзначыў на калегіі Міністэрства адукацыі рост папулярнасьці завочных аддзяленьняў. У гэтым годзе больш за 40 тысяч абітурыентаў сталі студэнтамі-завочнікамі.

Усё вышэйпералічанае — гэта найбольш істотныя пляны зьменаў у правілах паступленьня на 2008. Нават пры недасканальнасьці цяперашніх умоваў, на тле такіх пэрспэктыў студэнты ды абітурыенты будуць думаць не пра паляпшэньне свайго становішча, а маліцца, каб ня стала горш.

­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0585 seconds.