У сьвеце каля 33 мільёнаў інфікаваных ВІЧ - на 7 мільёнаў меней, чым лічылася раней

У аўторак ЮНЭЙДС прадставіла адноўленыя дадзеныя па колькасьці людзей, інфікаваных СНІД — на сем мільёнаў меней, чым лічылася раней. Тым ня менш, 33,2 мільёны людзей зь ВІЧ — дагэтуль адна з самых сур’ёзных праблемаў сучаснасьці.

­

 

Дадзеныя былі прадстаўленыя Аб’яднанай праграмай Арганізацыі аб’яднаных нацыяў па ВІЧ/СНІДу ў Дакладзе аб стане эпідэміі СНІДа за 2007.

У Дакладзе адлюстраваныя палепшаныя і пашыраныя эпідэміялягічныя дадзеныя і мэтады аналізу, што і прывяло да істотнага перагляду папярэдніх ацэнак.

У той час як глябальны паказчык распаўсюджанасьці ВІЧ выраўняўся, агульная колькасьць людзей, якія жывуць зь ВІЧ, павялічваецца, што тлумачыцца зьяўленьнем новых выпадкаў ВІЧ-інфэкцыі разам з павелічэньнем працягласьці жыцьця інфікаваных на тле няспыннага росту колькасьці насельніцтва ўвогуле. 

Штогадовая колькасьць новых ВІЧ-выпадкаў дасягнула свайго піку напрыканцы 1990-х, але і зараз штодня ВІЧ насьцігае больш за 6800 чалавек. Нягледзячы на ўдасканаленьне барацьбы за СНІДам, штодня памірае 5700 чалавек.

Самым праблемным рэгіёнам дагэтуль застаецца, Афрыка, у прыватнасьці, 68 адсоткаў ВІЧ-інфікаваных (22,5 мільёны) жывуць на поўдзень ад Сахары. Зараз на восем краінаў гэтага рэгіёну прыходзіцца амаль дзьве траціны ад агульнай глябальнай колькасьці ўсіх новых ВІЧ-інфэкцыяў і сьмерцяў ад СНІДу. У Азіі самай праблемнай зьяўляецца Інданэзія.

Перагледжаныя дадзеныя былі атрыманыя збольшага за кошт адноўленай інфармацыі па Індыі і пяці краінах Афрыкі (Анголе, Зімбабве, Кеніі, Мазамбіку і Нігерыі), што на 70% абумовіла зьніжэньне глябальнага паказчыка распаўсюджанасьці ВІЧ.

СНІД на Беларусі

Згодна апэратыўнай інфармацыі на 1 лістапада 2007, за 10 месяцаў у краіне вяўлена 810 новых выпадкаў інфікаваньня. Для параўнаньня — за такі ж перыяд у 2006 такіх выпадкаў было 628. Лідэрам па-ранейшаму застаецца Гомельская вобласьць.

Па афіцыйных зьвестках, усяго на Беларусі пражывае 8557 інфікаваных ВІЧ. Большасьць зь іх — моладзь ва ўзросьце 15–29 год.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0595 seconds.