У Каледжы сувязі пакажуць аўтарскі фотапраект пра ВІЧ-станоўчых людзей

Фотавыстава «Веды аб ВІЧ», якая ламае стэрэатыпы аб людзях, якія жывуць з ВІЧ, адчыніцца 8 траўня і будзе дасяжная цягам двух тыдняў у Вышэйшым дзяржаўным каледжы сувязі.

«Веды аб ВІЧ», у адрозненьне ад шматлікіх інфармацыйных плякатаў і сацыяльных кампаній, не ўтрымлівае жахлівых вобразаў. Асноўная ідэя фотавыставы – спрыяць зьмене грамадзкіх стэрэатыпаў у адносінах да людзей, якія жывуць зь ВІЧ, прадставіць іх як раўнапраўных членаў грамадзтва. ВІЧ-станоўчыя людзі прадстаўленыя тут актыўнымі, адкрытымі. Яны знайшлі ў сабе сілы застацца сабой і, пры гэтым, ня проста жыць, але і быць побач і дапамагаць тым, каму гэта трэба. Героі фотавыставы: людзі, якія жывуць з ВІЧ, іх партнэры і дзеці: Сьвятлана, Алена, Дзяніс, Алена, Аляксей і Марыя, Дзяніс і Марыя, Вольга і Яна. Гэта прадстаўнікі сацыяльна значных прафэсій, якія ўвасабляюць сабой патаемныя чалавечыя жаданьні, эмоцыі і імкненьні. Усё тое, што суправаджае чалавека ўсё яго жыцьцё, тое, у чым ён мае патрэбу: пазнаваць новае, дарыць радасьць, кахаць...

Мерапрыемства прымеркавана да Дня памяці памерлых ад СНІДу, які сёлета адзначаецца 20 траўня.

Пасьля адкрыцьця ўсе ўдзельнікі змогуць атрымаць інфармацыйныя матэрыялы, прысьвечаныя тэме ВІЧ/СНІДу (паштоўкі, тэматычныя буклеты), а таксама задаць свае пытаньні спэцыялістам. Па словах ВІЧ-станоўчых людзей «Веды аб ВІЧ» – гэта вельмі вялікая падтрымка, якая дапамагае жыць і ўставаць на ногі, гледзячы на прыклады іншых.

Фотапраект зьяўляецца часткай інфармацыйна-культурнай кампаніі «Пасланьне» ў рамках рэалізацыі гранта Глябальнага фонду для барацьбы са СНІДам, тубэркулёзам і малярыяй.

Арганізацыя «Пазытыўны рух» вызначыла для сябе тэму «зьмены грамадзкай думкі ў адносінах да людзей, якія жывуць зь ВІЧ» як доўгатэрміновую стратэгічную мэту. У рамках вышэй заяўленай тэмы, на працягу 10 гадоў «Пазытыўны рух» пасьпяхова рэалізуе розныя творчыя і інфармацыйныя ініцыятывы па інфармаваньні, зьмене грамадзкай думкі і зьніжэнню стыгмы і дыскрымінацыі ў адносінах да ВІЧ-станоўчых людзей.

Адкрыццё пачнецца а 13 гадзіне 8 траўня. Фотавыстава «Веды аб ВІЧ» пройдзе па 21 траўня ў Вышэйшым дзяржаўным каледжы сувязі (вул. П. Броўкі, 14) і будзе працаваць з 11.00 да 17.00. Уваход вольны!

13:00, 06/05/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0608 seconds.