Апублікаваны сьпіс 100 геніяў-сучасьнікаў
Апытанкай займалася брытанская кампанія Synectics. Па выніках, краінай з самай вялікай колькасьцю геніяў на душу насельніцтва стала Вялікабрытанія. У топ-100 ёсьць і навукоўцы, і палітыкі, і пісьменьнікі, і людзі мастацтва, і спартоўцы. На першым месцы - «бацька» ЛСД, на апошнім - рэжысэр «Крымінальнага чытва».
Міжнародная кансалтынгавая кампанія Synectics склала сьпіс сотні геніяў. Кампанія разаслала лісты чатыром тысячам брытанцаў з просьбаю адзначыць 10 геніяў-сучасьнікаў. Крытэры адбору былі наступнымі: зьмена парадыгмы, прызнаньне грамадзкасьцю, моц розуму, дасягненьне і культурніцкае значэньне.
Кампанія атрымала 1100 намінантаў з усіх сфэраў жыцьця. Прычым, толькі 60 адсоткаў былі яшчэ жывыя.
Ня дзіва, што 60 адсоткаў асобаў, пазначаных апытанымі, былі брытанцамі або амэрыканцамі – апытанка праводзілася сярод брытанцаў.
Рускіх геніяў у сьпісе апынулася аж тры: Грыгорый Перэльман (матэматык, 9 месца), Гары Каспараў (шахматыст, 25 месца), Міхаіл Калашнікаў (стваральнік аўтамата Калашнікава, 83 месца). На жаль, у сьпісе няма аніводнага беларуса.
Пяцёрка лідэраў выглядае наступным чынам:
- Альбэрт Хофман (на здымку) – хімік, філёзаф. Швэйцарыя. Зараз яму 101 год, яго называюць «бацькам» ЛСД;
Цім Бэрнарс-Лі – навуковец. Брытанія Сярод ягоных вынаходніцтваў - URI, URL, HTTP, HTML, а галоўнае – WWW; - Джордж Сорас – інвэстар і фундатар, ЗША;
- Мэт Грэнінг – сатырыст і аніматар, ЗША. Той самы, які прыдумаў Сымпсанаў;
- Нэльсан Мандэла – палітык і дыплямат, Паўднёвая Афрыка. Адзін з самых вядомых змагароў за правы чалавека, Нобэлеўскі ляўрэат 1993;
- Фрэдырык Сэнгар – хімік, Брытанія. Двойчы ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па хіміі.
Сярод сотні геніяў таксама такія асобы, як Далай Лама, Стывен Спілберг, Гаральд Пінтэр, Прынц, Мухамад Алі, Генры Кісінджэр, Мэрыл Стрып, Пол МакКартні. Закрывае сотню геніяў Квенцін Таранціна.