Культавыя Сымпсаны зьявяцца на беларускіх экранах
31 жніўня на кіна-экранах Беларусі нарэшце зьявіцца фільм пра культавую амэрыканскую сямейку Сымпсанаў «Сымпсаны ў кіно» («The Simpsons Movie»). У дваццаты год свайго існаваньня на плянэце дваццацітроххвіліннае мульт-шоў «Сымпсаны» («The Simpsons») узяло новую плянку – поўнамэтражны фільм. Пра жоўценькіх герояў і іх жыцьцё – далей у артыкуле.
Сымпсаны? А хто гэта?
Я не магла паверыць, калі мае сябры, якія ведаюць літаральна пра ўсё, не маглі ўзгадаць што за такі мульцік «Сымпсаны». Як жа так?! Гэта ж створаная Мэтам Грунінгам знакамітая мульт-сямейка Гамэра і Мардж і іх дзеткі – Барт, Ліза і Мэгі, гэта цэлая эпоха гумару, гэта культ, гэта сьветапогляд на сучаснасьць.
Калі больш сур'ёзна, то «The Simpsons» гэта сатырычная тэле-пародыя на лад жыцьця сярэднестатыстычнай амэрыканскай сям'і, што жыве у прыдуманым горадзе Спрынгфілд, якая адлюстроўвае шматлікія аспэкты чалавечых стасункаў і грамадзтва наагул, амэрыканскай культуры ў прыватнасьці, а таксама тэлебачаньне само па сабе.
Гэта 17 сэзонаў сэрыялу з 400 эпізодамі. У сваёй групе гэты мульт лічыцца бадай лідэрам па доўгажыцьці. І пры гэтым нягледзячы на пэўную крытыку жартаў Гамэра і яго сямейкі напрыканцы 90-х, Сымпсаны ніколі не апускалі плянку гумару і заўсёды былі цікавыя сваім фанатам.
Дасягненьні жоўтай сямейкі
Сымпсаны сталі першым мульцікам, які паказвалі ў прайм-тайм, зьмяніўшы стаўленьне да мультоў, як нечага дзіцячага і танна зробленага. Менавіта посьпех Сымпсанаў выклікаў да жыцьця такія мульты як South Park, Family Guy, Futurama і іншыя.
За 20 год свайго існаваньня супэр-мульцік атрымаў шмат узнагародаў. Сярод іх 23 узнагароды Emmi (амэрыканская ўзнагарода тыпу Оскару толькі ў сфэры тэлебачаньня), 22 Annie (узнагарода ў сфэры анімацыі) і аднойчы узнагароду Peabody.
Сымпсаны зрабілі ўнёсак у разьвіцьцё сучаснай ангельскай мовы, выкарыстоўваючы выразы, якія хутка сталі нэалягізмамі. Так, напрыклад, раздражнёны выклік Гамэра «D'oh!» стаў такім папулярным, што зараз яго можна знайсьці ў Оксфардзкім слоўніку ангельскай мовы. Тое ж тычыцца і выразаў, якія можна знайсьці на шматлікіх сайтах фэнаў у Інтэрнэт (напрыклад тут). Мой любімы выраз Барта, які стаў легендай - «Eat my shorts!» («зьеш мае майткі») Напачатку 90-х у ЗША майка з такім надпісам была не менш папулярная, чым Nirvana.
У 1998 годзе часопіс TIME паставіў Сымпсанаў на першае месца ў сьпісе 100 лепшых сэрыялаў 20-га стагодзьдзя. У тым жа выпуску часопіса Барт Сымпсан трапіў у сотку найбольш уплывовых людзей на плянэце, стаўшы адзінай выдуманай асобай у сьпісе :).
У Галівудзе на зорнай алеі нават ёсьць зорка гэтай сямейкі. Сьпіс заслугаў можна працягваць бясконца.
Сымпсаны ў кіно
Стварэньне фільма заняло даволі шмат часу і атрымалася не з першага разу. Пачатковыя спробы праваліліся з-за празьмернай даўжыні сцэнару і недахопу пэрсаналу. І з 2001 году ўсё пачалося наноў. Было прапанавана шмат ідэяў для зьместу, якія апасьля былі аб'яднаныя Мэтам Грунінгам у фільм.
Сцэнар перапісвалі сотні разоў нават пасьля таго, як пачаўся анімацыйны працэс. У выніку зрабілі матэрыял, якога хапіла б на два фільмы. Гэта пасьля выкарыстоўвалі, каб захаваць сапраўдны зьмест фільму як мага даўжэй, спэцыяльна распускаючы чуткі зь іншымі варыянтамі падзеяў фільму.
«Людзі не вырашаюць паглядзець чарговую сэрыю Сымпсанаў, бо ім спадабалася тое, пра што яна. Тут справа ў іншым», – кажа Мэт Грунінг.
Фільм несумненна быў зроблены для адданых фанатаў Сымпсанаў. Там ёсьць шмат дробязяў, якія чалавек, які ніколі не бачыў мульцік дагэтуль, можа нават і не заўважыць. Напрыклад, чарговая вэрсія пачатку мульта. Барт упершыню пакажацца без адзеньня, з-за чаго брытанскі савет па клясыфікацыі фільмаў надаў «Сымпсанам у кіно» грыф PG - Parental Guidance – для ўсіх узростаў, але рэкамэндаваны прагляд разам з бацькамі з-за асобных сцэнаў. Мэгі скажа сваё першае слова, і шмат іншага. Менавіта з-за гэтых дробязяў раю не спазьняцца, а таксама і даглядзець цітры да канца.
Стваральнікі правялі надзвычай вялікую кампанію па прамоцыі фільму, каб прыцягнуць таксама і новых фанатаў. Трэйлеры «Сымпсанаў у кіно» зьявіліся больш за год да рэлізу самога фільму. Сайт «Simpsons' Movie» існуе ўжо больш за год.
У ЗША шэраг крамаў 7-Eleven былі ператвораны ў Kwik-E-Marts, аздобленыя выявамі з мультфільму.
Узімку 2007-га году кампанія Samsung выпусьціла абмежаваную сэрыю жоўценькіх Сымпсан-тэлефонаў.
Кампанія Microsoft выпусьціла абмежаваную сэрыю відэа-гульні Simpsons Movie Xbox 360.
І не дарма, бо інтрыга закруцілася так, што ў выніку толькі за першыя два тыдні фільм сабраў 315 млн. даляраў і стаў адным з найбольш пасьпяховых рэлізаў гэтага лета.
Хоць інтрыгу цяжка захаваць, калі нелегальныя экранныя копіі фільму ўжо даўна можна знайсьці ў відэа-крамах, на Беларусі знойдзецца ня менш фанатаў жоўтай сямейкі, якія пойдуць 31-га жніўня ў кіно. Калі вы яшчэ не пасьпелі стаць адным ці адной зь іх, то яшчэ засталося некалькі дзён, каб знайсьці ў сетцы ці відэа-пракаце хоць некалькі мультоў, каб разабрацца што да чаго перад фільмам. Прыватная парада – глядзець у арыгінале, бо ня ўсе жарты можна перакласьці.
Трэба заўважыць, што выхад Сымпсанаў на беларускія экраны ўжо троху затрымаўся ў параўнаньні з большасьцю краінаў сьвету, дзе «Сымпсаны ў кіно» стартавалі яшчэ 26 і 27 ліпеня. Магчыма, каб у беларускіх кінатэатрах кіна- і мультпрадукцыю паказвалі ў арыгінале, то прэм’еры не былі б доўгачаканымі ў простым сэнсе і не выклікалі жартаў.