«Блакітныя карткі» адобрыла Эўракамісія. Чарга за сябрамі ЭЗ.
Учора плян па ўвядзеньні «блакітнай карткі» (blue card) для прыцягненьня звонку кваліфікаванай працоўнай сілы ў Эўразьвяз разглядаўся ў Брусэлі. Пасьля адабрэньня Камісіяй і Парлямэнтам, усе 27 сябраў ЭЗ павінны пагадзіцца з гэтым новаўвядзеньнем. Але праект выклікаў спрэчкі між краінамі Эўропы.
Перш за ўсё, ініцыятар выдачы «блакітных картак» - эўракамісар па пытаньнях юстыцыі Франка Фрацьціні - прадставіў праект у новай, абмежаванай, вэрсіі. Раней прадугледжвалася, напрыклад, што ўладальнік «блакітнай карткі» зможа бесперашкодна перасоўвацца па Эўразьвязе. Згодна апошняй вэрсіі, права ўязджаць, жыць і працаваць распаўсюджваеца толькі на тую краіну, якая выдала картку.
Нягледзячы на вельмі высокі ўзровень беспрацоўя ў асобных краінах ЭЗ (напрыклад, 15% у Польшчы), Эўропе патрэбныя 20 мільёнаў кваліфікаваных мігрантаў у бліжэйшыя 20 год. Асабліва ў галіне інжынэрыі і кампутэрных тэхналёгіяў.
50% кваліфікаванай працоўнай сілы накіроўваецца ў Штаты, у той час як у Эўропу – толькі 5%. Менавіта з дапамогаю «блакітных картак» і плянуецца перанакіраваць гэтыя плыні на рынак Эўразьвязу.
У заяве Эўракамісіі гаворыцца:
«Каб падтрымліваць і паскараць эканамічны рост у Эўрапейскім Зьвязе, для Эўропы вельмі істотна стаць магнітам для высокакваліфікаваных спэцыялістаў. Каб дасягнуць гэтага, для ЭЗ лепш аб’яднаць свае намаганьні, чым рабіць ухіл на самастойную міграцыйную палітыку.»
Але з такой пазыцыяй згодныя далёка ня ўсе сябры Эўразьвязу. Вядома, што Брытанія, Ірляндыя і Данія не падтрымліваюць ідэю агульнай міграцыйнай палітыкі.
На дадзены момант, адметныя рысы эўрапейскай сыстэмы «блакітных картак» наступныя:
- Сыстэма накапленьня для прафэсійных і моўных навыкаў;
- Прывязка да канкрэтнай асобы, а не да пэўнага працоўнага месца;
- Адначасовы дазвол працаваць і жыць;
- Тыя ж сацыяльныя гарантыі, як і ў грамадзян;
- Кожная краіна падае заяўкі на пэўную колькасьць спэцыялістаў;
- «Блакітная картка» выдаецца на працоўнае месца, на якое не прэтэндуе спэцыяліст з ЭЗ;
- Спэцыяліст мусіць мець адпаведны дыплём і тры гады працоўнага досьведу;
- «Блакітная картка» дзейсная толькі ў краіне, якая яе выдала.
Параўнаньне «Блакітнай» і «Зялёнай» картак
БЛАКІТНАЯ
- Не дае статуса сталага жыхарства;
- Дзейная максымум два гады, аднаўляемая;
- Дазваляе ўладальніку і яго сям’і жыць, працаваць і вандраваць у ЭЗ;
- Прэтэндэнт мусіць мець гадавы працоўны кантракт з з/п ня меней за тры мінімалкі;
- Аўтаматычнае атрыманьне сталага жыхарства праз 5 год.
ЗЯЛЁНАЯ
- Дае права на сталае жыхарства;
- Дзейсная 10 год, аднаўляемая;
- Дазваляе ўладальніку і яго сям’і жыць, працаваць і вандраваць у ЗША;
- Пяць спобаў атрымаць: праца, сямейныя сувязі, латэрэя, інвэстыцыі або жыхарства да 1972;
- Уладальнікі становяцца грамадзянамі ЗША праз пяць год.