Харэ Крышна: у госьці да менскіх вайшнаваў

«Харэ Крышна Харэ Крышна Крышна Харэ Харэ…»

Сярэднестатыстычны беларус пужаецца крышнаіта. Ці пагарджае весялуном. А можа, абыякава міма праходзіць. А мы вось узялі ды забароненае ўчынілі: пашпацыравалі ў менскі храм Крышны.

«Мы больш не паміраем…»

Разьмясьціўся ён у прыватным сэктары, прасякнутым вясковай цішынёй. У някідкім двухпавярховы будынку, з агароджай.

Храм распачынаецца зь вітальні, у якой — чаравікі на падлозе, продаж кружэлак, экзатычнай індыйскай смакаты ды іншых чужаземных штук. У паветры — пахучыя рэчывы упярэмешку з салодкім пахам ежы.

Наведвальнікі сьцякаюцца ў алтарную. «У духоўным сьвеце жывая істота вечна знаходзіцца ў стане сьвята. Матэрыяльны сьвет — гэта сьвет, дзе ўсе змагаюцца за выжываньне. Гэта сьвет эгаізму. Духоўны сьвет — гэта сьвет любові. Там кожны дзень сьвята. Кожнае слова — сьпеў», — распавядае нам Відзьянанда дас.

Заходзячы, людзі б’юць у званочак над дзьвярыма ды на калені кідаюцца — вітаюць Крышну. Прысаджваюцца на паркетную падлогу: тут няма мэблі, а ёсьць прастора. На сьценах — вялізарныя вокны ў духоўны сьвет (хрысьціяне кажуць — іконы). Шмат кветак: кветкі на алтары, кветачныя пацеркі ў Шрылы Прабхупады — заснавальніка Міжнароднай суполкі сьвядомасьці Крышны. Створаны рукамі чалавека, задуменны Прабхупада сядзіць у вялікаснай у фатэлі.

«Крышнаіты»

Сюды прыходзяць цікаўныя студэнты, загадкавы доўгавалосы і барадаты дзядзя, бабулі і дзядулі, спадары і спадарыні. Некаторыя ў вопратцы самай звычайнай. А ёсьць такія, якія ў сары (індыйская вопратка для жанчын) і ў дхоці (штаны-спадніца для мужчын).

Пачуць у крышнаітаў можна інструмэнты вельмі дзіўныя: фізгармонію (маленькі арган), караталы (ручныя цымбалы), бубны-марыданга.

Тут ладзіцца прагляд рэлігійных фільмаў, вэгетарыянскае харчаваньне, служба ды чытаньне культавага твору «Бхагавад-гіты». «Калі мы прапускаем праз сябе тэкст „Бхагавадгіты“, мы прыпыняем час і больш не паміраем. Да усіх рэчаў ёсьць інструкцыя. Але дзе інструкцыя да нашага цела, скажыце? Як трэба правільна жыць? „Гіта“ — інструкцыя да нашага цела, да нашай душы…» , — кажа Амала Харынама дас.

Як сьцьвярджаюць, і Леў Талстой, і Эйнштэйн зачытваўся гэтай кнігай.

Крышнаіты-вайшнавы

Вайшнавізм — адно з двух асноўных напрамкаў у індуізьме. Прыхільнікі схіляюць голаў перад Крышнай. А чытаць узялі вэдыйскія тэксты «Бхагават-Гіта» і «Шрымад Бхагаватам».

Міжнародная суполка сьвядомасьці Крышны была заснавана ў 1966 годзе Шрылай Прабхупадай. І адбылася гэтая выбітнасьць у ЗША, дзе квітнелі-стракацелі ў 60-я вясёлыя гіпі. «Амэрыка хворая на містыку; яна глядзіць у рот кожнаму шарлатану і прымае на веру усё што заўгодна», — піша пра тыя знакавыя часы Курт Ванегут. Першыя слухачы Прабхупады — «дзеці кветак» і парэпаныя бадзягі. Ды справа ў будучыню кацілася з посьпехам…

Сэкта?..

«Крышнаіты»­­

Напрыканцы 2004 года Менскі гарвыканкам адмовіў вам у перарэгістрацыі. Вы і цяпер ня можаце знайсьці ў сталіцы юрыдычную адрэсу, каб зарэгістравацца…

Відзьянанда дас: «Нам здаецца, што недзе цэнтралізавана замінаюць гэтаму. Спачатку людзі, да якіх зьвяртаемся, згаджаюцца даць нам адрэсу. А калі канкрэтна падыходз­іш зь імі паразмаўляць на гэтую тэму, яны са страхам сьмерці адмаўляюць. Недзе зьверху, напэўна, нешта на іх цісьне… Уяўныя ворагі ня ведаюць, што калі яны аказваюць больш перашкод любому руху, ён становіцца мацнейшым. Таму ў нейкім сэнсе яны адыгрываюць добрую ролю.»

У падручніку для 11 клясы пад рэдакцыяй Харына «Чалавек у сьвеце культуры» пра вас вось што напісана: «Шырока выкарыстоўваецца тэхналёгія „абалваньваньня“ — адключэньня розуму пры дапамозе бясконцага рытмічнага паўтарэньня адной і той жа фразы Для такіх вернікаў характэрна патрэба заўжды знаходзіцца ў абшчыне, у іх зьяўляецца страх зь яе сыйсьці…»

«Спачатку трэба выслухаць іх, потым выслухаць нас, а затым зрабіць выснову.»

Там маецца на увазе, што гэта сэкта…

Сэкта — гэта значыць выдуманае чалавекам нешта. Мы тут нічога не выдумваем. У нас ёсьць сьвяшчэннае аўтарытэтнае пісаньне, якому мільёны гадоў. У нас хрысьціянская краіна. Але людзі ня робаты. Чаму толькі на канях усім скакаць альбо на роварах езьдзіць? Трэба сесьці і разабрацца: што такое Бхагават-Гіта, а што такое Біблія? Дзеля таго, каб дазнацца, які смак у мёду, трэба адкрыць слоік і паспрабаваць.

А як вы ставіцеся да хрысьціянства?

Амала Харынама дас: «Бог адзін, хаця яго называюць рознымі імёнамі. Ён дасылае сваіх прадстаўнікоў у розныя часы. І дае рэлігіі ў адпаведнасьці з часам, месцам і абставінамі. Хрыстос — гэта адданы Крышны. Ён таксама наш Настаўнік.»

Крышна-прасад

Прыманьне ежы завецца прасад. Па нядзелях ён раздаецца ахвотнікам абсалютна бясплатна.

Крышнаіты — вэгетарыянцы. Відзянанда дас кажа: «Птушкі, расьліны — усё гэта дзеці Бога. Карова сьвяшчэнная таму, што яна маці. Малако, тварог, сыр — іх дае карова, бо яна маці. Малако каровы — любоў да цяляці, яе кроў. Калі забойствы прыпыняцца, прыпыняцца і войны.»

А яшчэ ежа ў іх заўжды духоўная. «Мы робім яе зь любоўю і прапануем Крышне. Ён адчувае гэта, кідае позірк і яна становіцца духоўнай».

Аб’ектыўнасьці дзеля

Усьмешлівы і прыязны пратэрыей Сергій Гардун з факультэта тэалёгіі БДУ і Мінскага кафэдральнага сабора ставіцца да крышнаітаў вось як:

«Сутнасьць хрысьціянства ў тым, што ёсьць адзін Бог, а астатняе — няпраўда. Бог ня мог казаць аднаму — адно, а іншаму — іншае. Добра, што яны ня могуць зарэгістравацца. Наш духоўны народ грунтаваўся на хрысьціянскіх каштоўнасьцях. Сэктанты разбураюць духоўную еднасьць. Абавязак дзяржавы — забараніць сэкту!»

Выкладчык філязофіі Уладзімір Аляксандраў:

«У крышнаітаў ёсьць шмат дзіўнага: напрыклад, сэксуальныя стасункі толькі дзеля зьяўленьня дзяцей. Але шмат і мудрага. Дрэнна, што калі чалавек туды паглыбляецца, то можа адыйсьці ад звычайнага жыцьця. Але шкоднага нічога няма, каб забараняць. Як увогуле дзяржава можа вырашаць якой суполцы існаваць, а якой -не?»

­­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0436 seconds.