Крышнаіты: Сьвята жыцьця ў часы беларускай крызы

Цёплым пятнічным вечарам, швэндаючыся па цэнтры Менску, набрыла на сталічных крышнаітаў (або вайшнаў, адданых), што ладзілі сядзячую харынаму. Харынама – гэта сумеснае ўхваленьне Сьвятых імёнаў Бога ў грамадзкіх месцах. Лічыцца, што сьпяваньне мантры «Харэ Кршна» можа дапамагчы наладзіць свае адносіны з Кршнай, а таксама атрымаць духоўную гармонію і спакой. Пастаяла, паслухала.

А 18.30 у цяньку за Палацам Спорту, на палянцы насупраць гасьцініц Беларусь і Юбілейная ўсьміхастыя маладзёны сьпявалі мантры праслаўленьня Сьвятых імёнаў.

Зьвярнулі на сябе ўвагу вайшнаўскія дзіўныя стукалкі-грукалі-музычныя інструмэнты. Гэтая харынама суправаджалася гульнёй на караталах (крышнаіцкіх талерачках), мрыдангах (сьвяшчэнны інструмэнт і асноўны барабан), бубянцах ды мініятурнай фізгармоніі. Варта зазначыць, што дзяўчына, якая сьпявала, рабіла гэта прыгожа ды ладна, дорачы мінакам цудоўны перадвыходны настрой. А тыя затрымліваліся, назіралі ды з прыемнасьцю камунікавалі, а часам і далучаліся да адданых.

Чаму ж крышнаіты сьпяваюць? Па сутнасьці, гэта такі ж рытуал, як і ў любой іншай рэлігіі. Адданыя лічаць, што мусяць выносіць сьпевы на вуліцу, каб пераадолець эмацыйныя напружаньні ў грамадзтве, не заціскаць любоў да Кршны межамі Храма. Гэтаксама вайшны лічаць, што харынамы могуць зрабіць цуды ды ачысьціць сэрца ад негатыўных пачуцьцяў.

Ну і, канешне, не магу скончыць аповед, не адказаўшы на лягічнае пытаньне: а хто такія гэтыя крышнаіты? Вайшнавы – людзі, якія прытрымліваюцца Ведычных вучэньняў, што прапаведаваў Кршна. Яны не ядуць мяса і некаторых расьлінаў, заўсёды кажуць праўду, ды спрабуюць паступаць і думаць так, каб не нашкодзіць іншым жывым істотам. Мэтай вайшнаваў зьяўляецца набыцьцё бескарыснай любові да Бога, а каб яе дасягнуць, прыхільнікі гэтай рэлігіі мусяць аддана служыць Кршне.

А ўвогуле крышнаіты для староньняга сталічнага мінака, як для мяне – гэта вечны пазытыў, горстка яскравых колераў і гукаў у шэрым маўклівым Менску. Тым больш у час сэсій, непаразумеласьцяў з бэнзінам і штодзённага росту коштаў сонечныя навіны дужа неабходныя. А тут і выходныя пачынаюцца. Таму і пішу. А сядзячыя харынамы адбудуцца штотыдня ў пятніцу на тым жа месцы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0541 seconds.