Мова без англіцызмаў – ці магчыма гэта?
Глябалізацыя ўплывае ня толькі на палітыку, эканоміку, асобу, але і на мову. Разьвіцьцё інфармацыйнай прасторы і мабільнасьць людзей дазваляюць мовам сутыкацца. Мы, людзі, гэтым і карыстаемся. Шматлікія мовы багатыя на запазычаньні. Чым далей, тым больш. І, канешне, пераважная большасьць запазычанасьцяў у мовах была перанятая ў XX і XXI стагодзьдзях. І, з большага, гэта англіцызмы. Але побач з тымі, хто запазычанасьцямі захапляецца, ёсьць і прыхільнікі чысьціні мовы.
Цудоўны прыклад – сучасная нямецкая мова. Англіцызмы на кожным кроку: і малы, і стары, і палітык, і журналіст ня грэбуе іх ўжыткам. У гутарковай мове запазычаных словаў можна налічыць яшчэ болей.
У Нямеччыне аматары ідэі чысьціні мовы арганізавалі нават акцыю «Lebendiges Deutsch» (Жывая нямецкая мова). Арганізатары падкрэсьліваюць, што яны не радыкальныя пурысты, а проста змагаюцца за права нямецкай мовы застацца без запазычанасьцяў у тых выпадках, дзе можна знайсьці адпаведнік у роднай мове.
Выкарыстоўваючы англіцызмы ў беларускай мове, апошні сказ можна было б перапісаць «не быць зафлуджанай запазычанымі словамі». :)
Аўтары ідэі падкрэсьліваюць, што ў некаторых выпадках, перайманьні ангельскіх словаў яны нават падтрымліваюць. Рэдакцыя прапануе кароткі экскурс у гісторыю разьвіцьця нямецкай мовы, а менавіта прыклады і час пасьпяховага і няўдалага анямечваньня запазычаных словаў і перавагі нямецкай мовы ў параўнаньні з ангельскай.
Штомесяц аўтары прапануюць на разгляд чытачам запазычаныя словы, якія актыўна ўжываюцца ў нямецкамоўнай прасторы. Чытачам даецца магчымасьць прагаласаваць за прапанаваны рэдакцыяй нямецкі адпаведнік гэтага слова ці даслаць свой варыянт. На сайце існуе нават ліст парадаў, якія англіцызмы варта было б ужываць па-нямецку і варыянтнасьць выбару перакладаў на нямецкую мову. Напрыклад, нямецкі дзеяслоў «einlesen» замест ангельскага «scannen»ці назоўнік «Netzauftritt» замест «website».
Беларуская мова не выключэньне. Перад ўсім новыя запазычаныя словы зьяўляюцца ў інтэрнэт-лексіцы і ў навуковай тэрміналёгіі. Але ж сучасная моладзь сябе і інтэрнэт не падзяляе, таму мова інтэрнэта часта пераходзіць у штодзённы ўжытак.
Некаторыя адпаведнікі з той жа ангельскай шукаць часам лянотна, а можа і ня трэба, калі ангельскі варыянт у беларукім моўным кантэксьце гучыць сучасна і добра і, галоўнае, яго разумеюць. На некаторыя сучасныя паняцьці і прадметы аўтэнтычных адпаведнікаў і не падабраць, бо прыйшлі яны з іншых краінаў і адпаведна былі ўжо названымі.
Усё ж такі намаганьні, можа і несьвядомыя, у захаваньні чысьціні нашай мовы ёсьць.
Так, ангельскі сымбаль @ свой адпаведнік у беларускай мове знайшоў. Называюць яго сьлімаком. Але дыскусіі ўсё ж працягваюцца. Для абазначэньня знакамітага сымбаля выкарыстоўваюць у нас таксама русіцызм «сабачка», ці англіцызм «эт». Некаторыя ўжываюць таксама «малпа». Існуюць таксама меркаваньні, што беларускі адпаведнік – калька з украінскай, у якой @ – равлик, што ў перакладзе на беларускую мову – сьлімак.